Гатоўнасць №1 у росквіце фарбаў

Хлопчыкі і дзяўчынкі  па-ранейшаму весела і бестурботна  праводзяць летнія канікулы. Бацькі ўжо завяршаюць экіпіроўку дзяцей у чарговы навучальны год. Настаўнікі і іншыя супрацоўнікі навучальных устаноў у адказе за тое, каб 1 верасня школы сустрэлі сваіх вучняў добраўпарадкаванымі  дварамі, чыстымі і ўтульнымі калідорамі, абсталяванымі неабходным інвентаром спартыўнымі заламі, з густам аформленымі класамі і пакоямі для адпачынку.

Да  радаснай і ўрачыстай падзеі  – першага званка – засталося зусім мала часу. І традыцыйна фінішам летняй рамонтнай пары стала жнівеньская прыёмка школ, дзіцячых садоў, пазашкольных устаноў з выдачай пашпартоў гатоўнасці. Справядліва будзе адзначыць, што пераважная большасць навучальных устаноў Ляхавіччыны па-ранейшаму  па добраму здзіўляе падыходам, новымі задумкамі ў афармленні сваіх тэрыторый і памяшканняў

Як расказала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Святлана Юрлевіч, на бягучы рамонт будынкаў сёлета было выдаткавана 706 мільёнаў рублёў, з якіх, напрыклад, 364 мільёны пайшлі на замену аконных блокаў у  САШ № 2, яшчэ 236 мільёнаў накіраваны на аналагічныя работы ў САШ № 1. Значная крыніца расходаў – капітальны рамонт, на гэтыя мэты  пайшло 879 мільёнаў рублёў, пераважная частка якіх – 795 мільёнаў – асвоена на работах на цеплавой рэабілітацыі і мадэрнізацыі будынка гімназіі. Капітальна адрамантаваны вокны і дзверы ў ЦКРНіР, яслях-садах № № 1 і 3, праведзены бягучы рамонт санвузлоў у гімназіі. Астатнія навучальныя ўстановы ў абавязковым парадку зрабілі касметычны рамонт і, канешне, па-ставілі яшчэ адзін плюс у добраўпарадкаванні тэрыторый.

“Ляхавіцкі веснік” пацікавіўся, як ідзе падрыхтоўка да новага навучальнага года. На мінулым тыдні карэспандэнты наведалі некаторыя навучальныя ўстановы раёна.

…Пах фарбаў, новыя шпалеры на сценах,  адрамантаваная мэбля – так сустрэла  Жарабковіцкая сярэдняя агульнаадукацыйная школа. Гэта навучальная ўстанова ў апошнія гады вызначаецца з густам добраўпарадкаванай тэрыторыяй на ўсіх 4 гектарах, якія за ёй замацаваны. Навокал усё патанае ў зеляніне, клумбы зіхацяць кветкамі розных сартоў, мудрагелістыя альпійскія горкі заварожваюць, трава акуратна скошана (у ход пайшлі не толькі каса, але і газонакасілка).  У ідэальным стане знаходзіцца і прышкольны агарод, ураджай з якога пойдзе ў мясцовую сталовую на прыгатаванне страў для школьнікаў.

Як расказала дырэктар Жарабковіцкай САШ  Святлана Гаўрыленя,  касметычны рамонт зроблены сіламі настаўнікаў і тэхнічнага персаналу: пафарбавана падлога, у некаторых кабінетах пераклеены шпалеры. На добраўпарадкаванні тэрыторыі асабліва шчыравалі настаўнікі Алена Рогаўцава і Алена Кандыба, лабарант Алена Літвіновіч. Пасільны ўклад у падрыхтоўку да новага навучальнага года ўнеслі і вучні школы падчас летняй практыкі. Дарэчы, частку фарбаў і дапамогу ў скошванні травы школа атрымала ад СВК “Жарабковічы”.

Наступны аб’ект  Русінавіцкая пачатковая  школа. Нельга стрымаць эпітэты і эйфарыю ад кветкавага раю, які ўяўляе сабой вялікая прышкольная тэрыторыя.  Вочы разбягаюцца, а слоў не хапае, каб выказаць захапленне. Кожная клумба (а іх тут каля 20!) не падобная на іншую – па відах кветак і іх колеравай разнастайнасці. Дзіву даешся – адкуль столькі фантазіі ў мясцовых афарміцеляў.  Адказ даволі просты. Кветкавая прыгажосць створана ў асноўным дырэктарам Русінавіцкай ПШ – вопытным кіраўніком, Заслужаным настаўнікам БССР, таленавітым педагогам і проста, шчырай, ветлівай жанчынай Леанідай Рачкоўскай. Канешне, ёй дапамагалі і калегі. Аднак, без перабольшвання, гэта візітоўка не толькі навучальнай установы, але і ўсяго аграгарадка Русінавічы – справа клапатлівых, нястомных рук Леаніды Уладзіміраўны, яе жадання зрабіць школу яшчэ лепшай і  больш утульнай, каб рабяты з задавальненнем спяшаліся сюды.

—        Лічу, што  паўсюдны парадак, чысціня і прыгажосць – складальнікі выхавання.  Кветкі немагчыма не любіць, яны радуюць і натхняюць. Ужо ў лютым пачынаю сеяць насенне на расаду, для гэтага дома выдзяляю два пакоі. Калі потым пачынаеш высаджваць іх на клумбу, то ідэі прыходзяць самі па сабе. А калі ўсё робіцца з душой, то і вынік атрымліваецца выдатны, – дзе-ліцца сакрэтам Леаніда Рачкоў-ская.

А вынік радуе не толькі аўтара кветкавага дызайну, яе калег-настаўнікаў, вучняў, але і  ўсіх, хто праходзіць ці праязджае побач.

Утульнасць, чысціня і парадак і ўнутры будынка.  Дарэчы, як расказала Леаніда Уладзіміраўна,  з 2006 года, калі ў Русінавічах пачалося будаўніцтва аграгарадка, з тэрыторыі школы не прапала ніводнай цагліны, не сарвана ніводнай кветкі – людзі цэняць і аберагаюць прыгажосць.

Ёсць свая адметнасць у афармленні тэрыторыі вакол Альхоўскай САШ. Канешне, да кветкавага каралеўства, як у Русінавічах, тут далёка, але  арыгінальнасць у афармленні прышкольнай тэрыторыі прысутнічае: за імправізаваным плотам сярод магутных дрэў размясціліся штучны калодзеж, млын і нават тры мядзведзі з вядомай казкі.

Рамонтныя работы  ў школе праведзены ў асноўным настаўнікамі і тэхперсаналам.

Наступным на шляху стаў Задворскі дзіцячы сад – аазіс прыгажосці і добрага густу: вытанчаныя кветкавыя кампазіцыі ў зялёным інтэр’еры. Не менш прыемна і сонечна ў гульнёвых і спальных пакоях. У падрыхтоўцы да новага навучальнага года выхавальнікам і іх памочнікам, па словах загадчыцы дашкольнай установы Ларысы Бобер, дапамагаў і ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”, і бацькі 23 маленькіх выхаванцаў дзвюх рознаўзроставых груп.

Тэрыторыя вакол гарадской гімназіі апошнім часам прыемна здзіўляе цікавымі фрагментамі дызайну.  Выдатна суседнічаюць побач кветкавыя кампазіцыі на клумбах, яблыневая і туевая алеі, пасаджаныя выпускнікамі, дрэўцы чарнаплоднай рабіны і 200 кустоў чорных парэчак, акуратна падстрыжаныя газоны і саджанцы.  З гонарам дырэктар гімназіі Леанід Калбаса паказвае  і навінку – альпійскую горку з падсветкай. “Сухі ручай” зроблены  настаўніцай Любоўю Каваленка і бацькам вучняў Дзмітрыем Войцікам.

Нарэшце, поўнасцю завершана цеплавая рэабілітацыя будынка гімназіі. Настаўнікі  з дапамогай тэхперсаналу прыводзілі ў парадак кабінеты для заняткаў. Адна справа – проста паклеіць шпалеры, а зусім іншая – зрабіць гэта па-мастацку і з душой. Менавіта так і атрымалася ў гімназіі: прыгожа і ўтульна.  А кабінет хіміі і ўвогуле набыў новы, больш сучасны выгляд. Засталося толькі  расставіць кветкі ў класных пакоях і на калідорах – і можна сустракаць вучняў. Як адзначыў Леанід Калбаса, гэты навучальны год у гімназіі пачнецца з “прыбыткам” – упершыню за многія гады першакласнікаў назбіралася  на                   4 класы. У асноўным яны – юныя жыхары новых шматпавярховікаў, што выраслі ў мікрараёне, як грыбы пасля дажджу.

Як паведамілі ў аддзеле адукацыі, прыёмка школ прайшла  на мінулым тыдні.  Экзамен на гатоўнасць да новага навучальнага года вытрымалі ўсе школы, дзіцячыя сады і пазашкольныя ўстановы  і атрымалі пашпарты гатоўнасці.

Чакаем 1 верасня, калі адзнаку школам паставяць вучні.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *