Ляхавіччына запрашае сяброў-сапернікаў /фота/

З кожным наступным крокам да мэты заставалася ўсё менш шэрай кастрычніцкай панурасці. Пад наступам вясёлкавых колераў флагаў расквечвання, балельшчыцкіх эмоцый, стрэлаў стартавага пісталета яе панаванне ўжо не здавалася прыярытэтным. “Запрашаем на свята!”, “Ляхавіччына запрашае сяброў!” – мякка, ветліва, але ярка і гучна крычалі “расцяжкі” ўздоўж радоў глядацкай трыбуны. Сябры-сапернікі запрашэнне прынялі, спартыўнае свята адбылося.

Мы добра памятаем, як і калі ўсё пачыналася. І вось – 7 кастрычніка, стадыён “Колас” і 11-ты адкрыты дзіцяча-юнацкі турнір па лёгкай атлетыцы на прызы майстра спорту міжнароднага класа, экс-чэмпіёна Еўропы Генадзія Валюкевіча. Спаборніцтвы сабралі юных – 2002 года нараджэння і малодшых – атлетаў з Баранавіч, Брэсцкага, Ганцавіцкага, Жабінкаўскага, Пінскага раёнаў. Акрамя райцэнтра, пад флагам Століншчыны на турнір прыехала каманда з Давыд-Гарадка. Канешне ж, ляхавічане: наша прадстаўніцтва на дамашнім фестывалі спорту было самым шырокім. Ну і Слонім варты быць узгаданы асобным газетным радком. Па-першае, у сувязі з дэбютным стартам спартсменаў гэтага прадстаўніка Гродзеншчыны на турніры Валюкевіча і, па-другое, што галоўнае, з прычыны іх вельмі ўдалага выступлення. Так, у спаборніцтве па трайным скачку сярод дзяўчат у Слонім “паехалі” і галоўны прыз, і ўзнагарода за трэцяе месца. І гэта толькі адзінкавы прыклад у тэму выніковага дэбюту слонімскіх юнакоў і дзяўчат у Ляхавічах.

Стадыён “Колас” быў анансаваны і як месца правядзення ўрачыстасцяў з нагоды адкрыцця турніру. Але стаў: з улікам няцёплых акалічнасцяў надвор’я арганізатары вырашылі перанесці цырымонію пад дах спартыўнай залы.

Зорачак атлетыкі, іх настаўнікаў, арбітраў, гледачоў вітаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Вячаслаў Сельмановіч. Гучалі словы ў падтрымку спорту, спартсменаў і фізкультурнікаў, пра важнасць рэгулярных заняткаў фізічнымі практыкаваннямі, здаровага ладу жыцця. Яшчэ пра жаданне ўжо ў самай блізкай перспектыве надаць стартам міжнародны статус:

– Плануем запрасіць да ўдзелу ў турніры лёгкаатлетаў з Польшчы, Расійскай Федэрацыі, Украіны, – адзначыў кіраўнік раёна.

Сам майстар трайнога скачка нагадаў, што спорт, нават калі не атрымалася “скочыць” на алімпійскі п’едэстал, дае штуршок, разганяе маладога чалавека на поспехі ў далейшым жыцці.

І пад зводам манежа, дзе ладзілася скачковая праграма, і на вотчыне бегуноў і хадакоў – асфальтавым авале стадыёна – панаваў дух спартыўнага азарту. У значнай колькасці выпадкаў барацьба вялася сантыметр у сантыметр, секунда ў секунду, плячо ў плячо.

Турнір фінішаваў у прыцемках, пад акампанемент дожджыку, у суправаджэнні лёгкіх апладысментаў.  10 прызавых месцаў 11-га турніру Валюкевіча ляхавіцкія лёгкаатлеты “пакінулі” сабе. Калекцыю з трох медалёў сабраў з бегавых дарожак Мікіта Вайцешык. У юнака золата на 300-метровай дыстанцыі, серабро на 60-метровай і ў складзе камбінаванай эстафетнай каманды. Мікіта Ляўша да каманднага серабра ў эстафеце дабавіў асабістую бронзу ў бегу на 300 метраў. Яшчэ адна наша эстафетчыца Марына Арцёмчык адзначылася таксама другім фінішам на дыстанцыі ў 300 метраў. Двухразовым медалістам стала і Алеся Давыдава, на рахунку якой перамога ў спартыўнай хадзьбе на 1000 метраў і другі прыз як удзельніцы эстафетнай чацвёркі. Другі вынік у бегу на кіламетр паказаў Аляксандр Арлоўскі, трэцімі сталі Арцём Тагановіч і Яна Касцюк, адпаведна, у 60-мет-ровым спрынце і хадзьбе на 1000 метраў.

З верасня вучаніца абласнога вучылішча алімпійскага рэзерву, а да гэтага Навасёлкаўскай СШ, Ганна Макоўская першай прыйшла на фініш бегавой кіламетровай дыстанцыі. Зрабіла гэта на вачах і, відавочна, на радасць свайму цяперашняму спартыўнаму настаўніку. Незадоўга да гэтага моманту са старшым трэнерам Брэсцкага ВАР па лёгкай атлетыцы Аляксеем Ясковічам атрымалася пагутарыць. Трэнер абсалютна перакананы, што такія “як сёння, і ім падобныя спаборніцтвы” вельмі і вельмі патрэбныя.

– Чым іх больш, тым лепш. Спаборніцтвы – гэта заўсёды свята, даюць магчымасць юнакам і дзяўчатам праверыць і праявіць сябе. Яны цікавыя і нам – трэнерам. У тым плане, што нават на самых радавых стартах можна “выглядзець” талент. На абласных спаборніцтвах дзейнічаюць ліміты, і трапіць, напрыклад, у Брэст атрымліваюць магчымасць не ўсе. А тут – калі ласка. Прыгледзецца да патэнцыяльных зорак атлетыкі і ўяўляе асноўную сутнасць майго сённяшняга прыезду ў Ляхавічы. Дарэчы, у вас я ўпершыню. Але па сваіх вучнях ваш горад ведаю добра. Акрамя Макоўскай, у мяне займаюцца вашы Ягор Грыгарук, Юрый Тарлюк і Дзмітрый Равінскі. Дзіма вельмі адораны бягун, прагрэсіруе сямімільнымі крокамі. Такія рэдка трапляюцца, – здзівіў і парадаваў сваёй характарыстыкай Аляксей Анатольевіч.

Дарэчы, яшчэ летась некаторыя з названых ім выхаванцаў былі паспяховымі на турніры Валюкевіча.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота аўтара.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *