Як справы, першакурснікі? Ёсць пытанне ад «ЛВ»

ЛДАК

Здаецца, зусім нядаўна ўчарашнія абітурыенты не маглі стрымаць радасці, калі даведаліся, што сталі студэнтамі. І з таго моманту іх жыццё змянілася кардынальна. Гэтыя яго старонкі, без перабольшвання, самыя запамінальныя, напоўненыя рамантыкай і, на першы погляд, бесклапотнасцю.  Іншы горад, новыя знаёмствы, лекцыі, канспекты, студэнцкія вечарынкі – усё зусім не падобнае на школьныя будні. І так важна правільна расставіць прыярытэты, каб усюды паспець.

Пра ўражанні ад вучобы пацікавіўся “ЛВ” у землякоў, якія сёлета 1 верасня пераступілі, вобразна кажучы, парог інстытуцкіх аўдыторый.

Ніно КВЕРНАДЗЭ, студэнтка факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта:

– Пра вучобу ва ўніверсітэце марыла даўно, таму што разумела, якой прафесіі хачу прысвяціць сваё жыццё. Установа здавалася чымсьці незямным і дасканалым. Такой і аказалася. Мяне акружаюць людзі з цвёрдымі прынцыпамі і высокімі мэтамі. Адны хочуць працаваць у Міністэрстве замежных спраў, іншыя – адкрыць сваю справу, а хтосьці – займацца навуковай дзейнасцю.  Тут цэняць тваю індывідуальнасць, тваё меркаванне.

Мінск – неверагодны горад, дні пралятаюць незаўважна. Мерапрыемстваў вялікае мноства, галоўнае – паспяваць у іх удзельнічаць. Нядаўна, напрыклад, у нас праходзілі дыпламатычныя чытанні на англійскай мове. Кожная група павінна была прадставіць Вялікабрытанію. Мы перамаглі.

Вучоба паволі стала наладжвацца. Вельмі палюбіла замежныя мовы і паліталогію. Ну а развітанне з домам для мяне – заўсёды цяжка. Але прывыкла хутка. У гэтым праяўляецца яшчэ адзін плюс удзелу ў алімпіядах: за плячыма ўжо ёсць вопыт пражывання на адлегласці ад дома.

Улада САРАКАВІК,  студэнтка Беларускага  дзяржаўнага педагагічнага  ўніверсітэта імя Максіма Танка:

– Студэнцкае жыццё – зусім не школьнае. І мне гэты новы, цікавы, а часам складаны рытм падабаецца. Ты самастойны дарослы чалавек, сам плануеш свой дзень. Вучыцца не лёгка, але на іншае і не разлічвала. Шмат цікавых прадметаў, новых, пра якія раней і не ведала. Увогуле, кожная дысцыпліна – па-свойму захапляльная, бо кожны выкладчык стараецца зрабіць лекцыі ці семінары незабыўнымі, зразумелымі і максімальна карыснымі. Мне падабаецца генетыка чалавека, з ахвотай унікаю ва ўсе дэталі прадмета, паглыбляю веды.

Спачатку вельмі хацелася дадому, але мне пашанцавала з аднагрупнікамі: і ў вучобе падкажуць, і падтрымаюць, і слушную параду дадуць.

Ягор ПРЫХАЧ, студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта  фізічнай культуры:

– Не проста было акунуцца ў вучэбную атмасферу. 45-хвілінны ўрок застаўся ў мінулым, на змену прыйшла пара працягласцю гадзіну дваццаць. І хоць правучыўся крыху больш за месяц, але паспеў напоўніць гэты час яркімі падзеямі. Асабліва запомніўся лыжны збор, было весела і ў паходзе. За гэты час з’явіўся і любімы прадмет –  з задавальненнем наведваю заняткі па плаванні.

Таццяна ДУБРОЎСКАЯ, студэнтка Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь:

– Доўга вагалася, куды паступаць. У апошні дзень падачы дакументаў вырашыла: хачу стаць студэнткай менавіта гэтай ВНУ. І не пашкадавала. Семінары праходзяць у незвычайных формах: хутка пачнуцца выязныя заняткі ў Нацыянальнай акадэміі навук, музеях. Кожны дзень напоўнены чымсьці новым –  напрыклад, бывае дзень усмешак, не рэдкасць тэматычныя фотаконкурсы. А ў інтэрнаце ”прапісаліся” вечары песень пад гітару, душэўныя размовы. Наперадзе конкурс «Візітоўка», дзе першакурснікі будуць прэзентаваць свае групы. Паспела праявіць сябе ў спорце – гуляю ў зборнай  камандзе акадэміі па жаночым футболе.

Святлана МАКАРАНКА, студэнтка Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта:

– Калі паступала ў медыцынскі ўніверсітэт, разумела, што выбіраю не самы лёгкі шлях. У школе вучоба пачынаецца паступова, тут жа з першых дзён важна нiчога не ўпусцiць –  зусім іншая дынаміка жыцця. Асабліва падабаецца анатомія, складана, вядома, але мне цікава ва ўсім гэтым разбірацца. Ярка і святочна павіншавалі новы набор будучых медыкаў студэнты ўніверсітэта, якія падарылі нам цудоўны канцэрт.

Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *