Раманс для Ірыны Маляр
Шчаслівая жанчына. Якая яна? Прыгожая, паспяховая, самадастатковая. Зрэшты, усё залежыць ад таго, што мець на ўвазе пад словам шчасце. А вось начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Ірына Маляр лічыць: шчасце жанчыны ўжо ў тым, што яна нарадзілася жанчынай. Бо толькі прадстаўніцы слабай паловы чалавецтва (даруйце, мілыя мужчыны) здольны бачыць свет у такой багатай каляровай гаме, валодаюць асаблівымі пачуццямі і славутай жаночай інтуіцыяй. Расцвітаюць кветкі, што клапатліва сама пасадзіла, – вачэй не адарваць ад прыгажосці. А загучыць раманс “Белой акации гроздья душистые…” – ускалыхнуцца самыя тонкія струны душы. Заспявае сама, ды так, што заслухаешся.
Самае каштоўнае ў жыцці шчаслівай жанчыны – гэта яе дзеці: двух сыноў яна падарыла свайму любімаму мужу і самааддана іх выхоўвала. А цяпер ганарыцца тым, што яны сталі сапраўднымі людзьмі.
Але ж далёка не на апошнім (зусім наадварот) плане была і ёсць для Ірыны Георгіеўны яе работа – адказная, дакладная, да якой яна ставіцца з душой, і з пункту гледжання эканомікі і палітыкі, тэорыі і практыкі, заўсёднай кампетэнтнасці і справядлівасці. У яе руках, па сутнасці, усе фінансы раёна. І дарма кажуць, што жанчыны бяздумна трацяць грошы. Кожны рубель з раённага “кашалька” яна выдае ўзгоднена, з разлікам, ашчадна. “Міністрам фінансаў раёна” іншы раз жартаўліва называюць Ірыну Маляр. І не беспадстаўна: у яе ўсё атрымліваецца ў аптымальным варыянце.
А калі на рабоце справы ладзяцца, то і дома – добры настрой і поўная задаволенасць жыццём. Нядаўна ажаніўся старэйшы сын – радасць! У малодшага ўсё ў парадку. І кожны наступны дзень Ірына Георгіеўна запраграмоўвае на ўдачу.
Непрыкметна ў клопатах і турботах бягуць дні. І раптам сярод буйства фарбаў жніўня – юбілейная дата. І ўжо цяжка не паверыць сцвярджэнню, што ў прыгожую пару нараджаюцца прыгожыя людзі. Шаноўную калегу, любімую жонку і лепшую на свеце дачку і матулю віншуюць самыя дарагія ёй людзі.
Прыміце, Ірына Георгіеўна, і ад рэдакцыі шчырыя пажаданні здароўя, поспехаў ва ўсіх справах. Няхай заўсёды будуць павага і любоў, множацца шчаслівыя жыццёвыя імгненні, а ў душы гучаць рамансы.
Аліна ЛАПІЧ