Працаваць са знакам якасці

Месячнік па добраўпарадкаванні, азеляненні і навядзенні парадку, што стартаваў у раёне 17 кастрычніка, павінен аб’яднаць агульнай мэтай і спецыялізаваныя службы, і працоўныя калектывы, і гаспадароў прысядзібных участкаў. Першае, што заўсёды кідаецца ў вочы, калі ўязджаеш у любы населены пункт, – стан добраўпарадкавання. Ад усіх нас залежыць, якім Ляхавіцкі раён застанецца ў памяці гасцей – акуратным, дагледжаным і ўтульным ці наадварот.

Начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Ірына Грынялевіч на апаратнай нарадзе ў кіраўніка раёна “прайшлася” па аб’ектах, уключаных у план генеральнай уборкі на падставе абследавання, што праводзілі камунальная, санітарная і іншыя службы, спецыялісты райвыканкама. Тэрыторыя клопату не абмежавана формай уласнасці ведамаснай прыналежнасцю: навядзенне парадку ў дварах шматпавярховікаў і ў раёне прыватнай забудовы, уздоўж аўтадарог, у зонах адпачынку, на дзіцячых пляцоўках, каля гаражоў і г.д., абсталяванне і рамонт кантэйнерных пляцовак у некаторых населеных пунктах, ліквідацыя несанкцыянаваных сметнікаў і многае іншае.

Асобна старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч спыніўся на пытаннях азелянення. Замест кожнага аварыйнага дрэва, што выдаляецца, трэба саджаць новае – не абавязкова ў тым жа месцы, запатрабаваў кіраўнік раёна. Пры гэтым нельга ігнараваць ландшафтныя патрабаванні, каб было прыгожа і эстэтычна.

Вячаслаў Лукіч даў даручэнне да ўключаных у план месячніка на ямачны рамонт вуліц Кальцавой і Южакова дадаць і Чкалава.

Паралельна ў раёне праходзіць месячнік па зборы другаснай сыравіны. Далучыцца да справы дзяржаўнай важнасці таксама неабходна ўсім: і дарослым, і дзецям. Камунгасу і райпо даручана актывізаваць збор не толькі адходаў паперы і кардону, але і старой бытавой тэхнікі, шкла, пластыку, палімераў.

Чарговы раз старшыня райвыканкама ўзняў праблему гандлёвага абслугоўвання, у прыватнасці, работы аўталавак. Па-ранейшаму паступаюць скаргі ад насельніцтва на невыкананне санітарных нормаў і абмежаваны асартымент прадукцыі ў аўтамагазінах райпо.

Вячаслаў Лукіч запатрабаваў ад усіх службаў працаваць так, каб не трэба было потым выконваць работу над памылкамі. Любую справу рабіць, як для сябе, – працаваць са знакам якасці.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *