А ты здаў макулатуру? У Ляхавіцкім раёне з 20 кастрычніка па 19 лістапада праходзіць месячнік па зборы другаснай сыравіны. Далучайцеся

Да агульнай справы далучыліся школьнікі і іх бацькі.

Зноў пра банальнае –адходы, якія могуць і абавязаны прынесці даход. Пра важнасць, правілы, тэхналагічныя, тэхнічныя і “разліковыя” моманты гэтай справы гаварыласяна старонках “ЛВ” не аднойчы. Але ж – яшчэ раз, нягледзячы на рызыку пачуць абвінавачанне ў надакучлівасці. Няхай сабе, падумалася, толькі б вынік не заставіў сябе чакаць. Што пад вынікам  разумець? Простыя рэчы: каб у кантэйнер з круглай адтулінай у баку і адпаведным надпісам на ім жа трапляла выключна “тара”. Адрасна, у адпаведнасці з тым жа надпісам-прызывам: шкляная ў свой, пластыкавая – асобна, папера да паперы з кардонамі далей па спісу.

А назіраць часам даводзіцца далёка не ідэалістычную карціну, калі побач з “імяннымі” так званымі еўракантэйнерамі для збору бытавых адходаў вырастаюць кучкі смецця фармату “глыбокі мікс”, або, напрыклад, будаўнічыя адходы. Яны быццам язвы на целе здаровай і сучаснай ідэі.
Як і за многімі іншымі арганізацыямі і ўстановамі, за “Ляхавіцкім веснікам” замацаваны невялікі, размешчаны адразу за агароджай стадыёна ўчастак тэрыторыі. Падграбці апалае лісце, папрацаваць венікам калі-нікалі – хутчэй рэлакс, чым праца. Але гутарка аб іншым. Падчас апошняга, а было тое зусім нядаўна, выхаду на ўборку тэрыторыі падобную “язву” давялося назіраць чарговы раз: на пляцоўку з еўракантэйнерамі нехта вынес будаўнічыя адходы. Былая ва ўжытку цэгла складзена асобна, драўляныя элементы – сабе. Дастаткова акуратна, варта заўважыць, аднак жа – зусім не да месца.
Магчыма, гэта “хвароба росту”, улічваючы той факт, што метад сартавання бытавых адходаў атрымаў у нас сур’ёзны падыход не надта ўжо і даўно. І трэба спадзявацца, што далей будзе толькі лепш, усё ашчадней і ашчадней. А праз пэўны і, хацелася б, максімальна кароткі час мы, ужо не думаючы – на рэфлексе,    “па полках” раскладвалі свае бытавыя адходы.
Але ад агітацыйна-асветніцкай лірыкі звернемся да практыкі і статыстыкі: хто, колькі, чаго. Дзе і па чым?
Як і ў любой іншай тэрыторыі, у Ляхавіцкага раёна ёсць арыенцір, якіх і якую колькасць адходаў неабходна нарыхтаваць з мэтай даць ім другое жыццё. На працягу года раён, у адпаведнасці з планам, павінен “падняць” і паставіць у перапрацоўку 700 тон бумагі і кардону, 500 – шкла, 150 – палімерных адходаў. У спісе другаснай сыравіны значацца таксама зношаныя шыны, адпрацаванае машыннае масла, а, пачынаючы з бягучага года, і адходы бытавой тэхнікі. З апошняга і пачнём, улічваючы той факт, што з названым відам другаснай сыравіны раён працуе ўпершыню і, трэба сказаць, пакуль не вельмі паспяхова. І гэта яшчэ далікатная ацэнка: з даведзеных гадавым заданнем 20 тон, за 9 месяцаў сабрана ўсяго толькі 1,2. Адным з тлумачэнняў і прычын такому сціпламу выніку можа быць банальны недахоп інфармацыі. Перш, чым садзіцца за пісьмовыя разважанні ў тэму, правёў сваё “сацыялагічнае даследаванне”. У якасці рэспандэнтаў выступілі 6 знаёмых. На пытанне пра наяўнасць дома адпрацаваўшай сваё бытавой тэхнікі станоўча адказалі ўсе, акрамя аднаго. Прыкладна так: “Пыліцца ў кладоўцы (на балконе, у гаражы) стары тэлевізар. Рады развітацца, ды рукі не даходзяць – есці ж не просіць”. А рашэнне простае і зусім не працаёмкае. Як паведаміла начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Ірына Грынялевіч, дастаткова патэлефанаваць дыспетчару камунгаса і дамовіцца аб узаемапрымальным тэрміне – “забіць” дзень і гадзіну. Прыедуць, пагрузяць ваш апарат (тэлевізар, камп’ютар, халадзільнік, іншае) і паедуць. Нічога не запатрабуюць ад гаспадара за паслугу, але і на нейкую кампенсацыю апошняму разлічваць не даводзіцца. Тэлефон, дзе чакаюць вашага званка –  2-11-77.
Пакуль, а тут як і ніжэй, аперыруем данымі са студзеня па верасень уключна, раён не выйшаў на гадавыя лічбы ні па адным з відаў другасных адходаў. Шкла нарыхтавана ў аб’ёме 63 працэнты ад задання, што з’яўляецца самай аптымістычнай лічбай на фоне асноўных астатніх відаў адходаў. У аддзеле жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама пацвердзілі здагадку: асноўная ў тым заслуга індывідуальнага прадпрымальніка Валерыя Пронькі, у ліку вытворчых актываў якога і стацыянарны шклопрыёмны пункт, і мабільны. Маршруты апошняга праходзяць праз многія і многія населеныя пункты раёна. І, верагодна, не толькі раёна.
Палімераў нарыхтавана ў памеры 27 працэнтаў ад задання, працэнт збору паперы плюс кардону раўняецца 32. Магчыма, працэс збору і нарыхтоўкі макулатуры актывізуе факт нядаўняга павышэння закупачных цэн на гэты від адходаў. Так званая кампенсацыя затрат на іх збор паднялася ў некалькі разоў, чым, безумоўна, стала больш прывабнай для патэнцыяльных зборшчыкаў-нарыхтоўшчыкаў.
Аналізуючы статыстыку выканання задання па зборы (нарыхтоўцы) другасных рэсурсаў гарадамі (Брэст, Баранавічы, Пінск) і раёнамі вобласці звяртаеш увагу, што Ляхавіччына (мы з вамі) зай-
мае месца прыкладна ў сярэдзіне спіса. Але ёсць магчымасць і, спадзяёмся, жаданне землякоў – як асобных грамадзян, так і юрыдычных асоб – падняцца ў верхні эшалон табліцы. Часавы рэсурс –
крыху больш за месяцы. Адзін з іх – з 20 кастрычніка па 19 лістапада распараджэннем старшыні райвыканкама аб’яўлены месячнік па зборы другаснай сыравіны. Падключымся з разуменнем, што збор другаснай сыравіны – першасная справа.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *