Капальнікі “скарбу”
На сельскагаспадарчым гарызонце назіраецца змена прыярытэтаў. Той абсалютнай канцэнтрацыі на ўборцы каласавых зерневых няма ўжо і блізка. З іх абмалотам закончана, засталося толькі завяршыць з саломай ды, магчыма, з паслябункернай дапрацоўкай ураджаю. Уборачны сезон, аднак, ідзе сваёй чарадой, і адным з месцаў яго наступнага перамяшчэння з’яўляецца бульбяное поле. Па прыкладзе СВК «Ляхавіцкі», дзе ўборка клубняў доўжыцца ўжо тыдзень, у рознай ступені хутка пойдуць і ўсе астатнія бульбаводчыя гаспадаркі раёна.
Не столькі ў гэтым, а і ў любым іншым кампаненце вытворчасці «другога хлеба» «Ляхавіцкі» можа з’яўляцца прыкладам. Тут адладжаная тэхналогія пасадкі бульбы і догляду за ёй на працягу ўсяго перыяду вегетацыі, скрупулёзнасць выбару і ашчаднасць работы з насенным матэрыялам. У рэшце рэшт, плошчы — як ні ў адной з іншых гаспадарак раёна, ды і ўраджайнасць. Вось і зараз, калі ўборка толькі пачынаецца і вядзецца не на самых лепшых участках, ура-джайнасць перавышае 400 цэнтнераў з гектара на дзясятак цэнтнераў, а то і на добрую паўсотню — у залежнасці ад канкрэтнага поля, ад патэнцыялу сорта і іншае. Напрыклад, «рэд скарлет» галандскай селекцыі, па словах намесніка брыгадзіра паляводчай брыгады «Русінавічы» Зоі Гаўдзіс, пакуль што больш ураджайны, чым традыцыйна любімы, смачны і выгадны «скарб». У першым выпадку клубняў хоць і менш, аднак, яны буйнейшыя. Але і там, і там каля 75 працэнтаў іх у выніку адсартавання трапляюць у катэгорыю харчовых: непасрэдна на полі затарваюцца ў сеткі-мяшкі і ці не адразу ж знаходзяць свайго спажыўца. Замежнага.
Акрамя ўжо названых, частка сёлетніх 200-гектарных пасадак бульбы ў гаспадарцы аддадзена пад сарты «брыз» і «лілея» айчыннай селекцыі.
Уборка бульбы ў СВК «Ляхавіцкі» традыцыйна становіцца падзеяй не толькі ўнутрыгаспадарчага маштабу. Дапамагчы сабе матэрыяльна, а сельгаскааператыву з уборкай сюды едуць і ляхавічане, і вясковыя жыхары. Ёсць, між іншым, такія, хто карэктыруе свой водпуск па асноўным месцы працы спецыяльна «пад бульбу» ў «Ляхавіцкім». Многія адмыслова для гэтага ахвяруюць сваімі законнымі выхаднымі, ёсць пенсіянеры, часовыя беспрацоўныя. Напрыклад, у мінулы панядзелак на палетку працавала 48 камандзіраваных капальнікаў «скарбу». Акрамя таго, другі хлеб у «Ляхавіцкім» «падымаюць» каля двух дзясяткаў штатных паляводаў гаспадаркі, чакае свайго выхаду і бульба-ўборачны камбайн. Але гэта ўжо іншая тэма, і да яе мы вернемся падчас наступнай паездкі «на бульбу».
Іван КАВАЛЕНКА