Кастрычнік. Стадыён. Кірмаш

У мінулую суботу пляцоўкі стадыёна “Колас”  са спартыўных перакваліфікаваліся ў гандлёвыя. Тут прайшоў  трэці  (сёлета апошні) восеньскі кірмаш, які поўнасцю адпавядаў свайму галоўнаму прызначэнню і па-сапраўднаму ўдаўся.

Прадукцыю ўласнай вытворчасці прадставілі сельгаспрадпрыемствы раёна, фермерскія гаспадаркі. Асаблівай  папулярнасцю карысталіся капуста, морква, буракі, бульба, яблыкі. Можна было набыць зерне, саджанцы, мяса і жывую рыбу, мёд, адзенне, абутак, іншыя прамысловыя і спадарожныя тавары. Кулінары Ляхавіцкага райпо насмажылі-напяклі ўсякіх прысмакаў, якія з задавальненнем куплялі дзеці і дарослыя. Нямала жадаючых, спадзяючыся на ўдачу, удзельнічала ў бяспройгрышных латарэях.

І, канешне, не мог не радаваць прыемны бонус: мяхі, сеткі з таварам валанцёры БРСМ і аўтаматычны пагрузчык бясплатна дастаўлялі да асабістага транспарту грамадзян. Быў прадугледжаны і платны падвоз на больш доўгую адлегласць. Добры настрой усім удзельнікам кірмашу стваралі самадзейныя артысты раёна.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *