Букет кветак па новых тэхналогіях
Напярэдадні абласнога свята “Дажынкі-2011” Бяроза сабрала амаль два дзясяткі каманд з гарадоў Брэстчыны, якія прынялі ўдзел ва ўпрыгожванні горада. Майстры зялёнага будаўніцтва на выдзеленых участках стваралі сапраўдныя цуды прыгажосці з кветкавых кампазіцый. Звяно азеляняльнікаў з КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” пад кіраўніцтвам майстра Сяргея Дарэўскага таксама было ў ліку канкурсантаў. Фантазія ляхавічан пакарыла журы творчым падыходам да выканання работы. Удасканаленую копію “Букета кветак” – так называецца кампазіцыя, якая ўпрыгожвае плошчу імя Леніна ў Ляхавічах, – яны змайстравалі і ў Бярозе. Задума, здаецца, простая, але працаёмістая: у тым ліку для зваршчыкаў і майстроў па металу. І вось раптам расцвілі пяць унушальных размераў “кветак”. Для аздаблення кампазіцыі былі выбраны яркія петуніі.
Сярод самых розных кветкавых кампазіцый, што з’явіліся неўзабаве ў Бярозе, творчы праект ляхавіцкіх камунальнікаў прыцягвае ўвагу. Журы конкурсу не знайшло роўных яму ў намінацыі “Прымяненне новых тэхналогій”. Брэсцкая абласная арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў БАУП ”Упраўленне жыллёва-камунальнай гаспадаркі” ўзнагародзіла дыпломам КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” за прафесійнае майстэрства сярод рабочых зялёнага будаўніцтва ў абласным конкурсе “Сузор’е кветак” Бяроза-2011”.
Дарэчы, сёлета, дзякуючы камунальнікам-азеляняльнікам, і наш райцэнтр радуе ляхавічан мноствам расквечаных клумбаў і кампазіцый. “Жар-птушка” , што “прызямлілася” на перакрыжаванні вуліц Южакова і Будаўнікоў, ля спартыўнага комплексу – кветкавы”футбольны мяч”, яркімі фарбамі ўспыхнулі клумбы на вуліцах Кальцавой, Леніна…
Як расказаў дырэктар КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” Аляксандр Мядзвецкі, кветкава-азеляняльны дызайн горада будзе ўдасканальвацца. Творчыя задумы ўвасабляюцца ў жыццё адначасова з праектамі па добраўпарадкаванні плошчаў і вуліц райцэнтра, а кветкі, якія выкарыстоўваюць азеляняльнікі, – свае, вырашчаныя ў цяпліцы.
Вельмі добра было б, каб пачынанні камунальнікаў больш актыўна падтрымлівалі і гараджане. Не ламаць пасаджанае, не рваць, а пасадзіць – дома, ля дома, падкасіць газон, што прылягае да праезнай часткі, – і сабе прыемна, і другім узор гаспадарлівасці і дбайнасці.
Аліна ЛАПІЧ