П’яная вішня
Нядаўна давялося стаць выпадковай сведкай жыццёвай драмы, якая не проста ўскалыхнула душу, але да сёння не выходзіць з галавы. У адной з медыцынскіх устаноў Брэста ў чарзе на абследаванне звяртала на сябе ўвагу дзяўчынка 10-12 гадоў, якая не адыходзіла ад пажылой жанчыны з пытаннямі:
— Бабуля, ці хутка мама выйдзе ад доктара? Чаму яе так доўга там трымаюць?
Бабуля супакойвала ўнучку. Раптоўна на вачах жанчыны з’явіліся слёзы, і яна не ўтрымалася, пачала расказваць сумную гісторыю.
— Пасля скасавання шлюбу дачка спачатку замкнулася ў сабе, потым пачала часта сустракацца з сяброўкамі. І без спіртнога, на жаль, тыя сустрэчы не абыходзіліся. За п’янства выгналі са школы, дзе яна працавала завучам. Потым і ўвогуле на паўгода знікла з дому, праводзіла час у кампаніі бамжоў. Ледзьве адшукалі яе, адмылі, цяпер вось лечым.
— Бабуля, навошта ты так. Мама мая добрая, яна нікога не пакрыўдзіла і нас любіць. Проста з сяброўкамі ёй не шанцуе, – у роспачы спыніла бабулю дзяўчынка.
Такая сямейная трагедыя, на жаль, не адзінкавая. Асаблівую трывогу выклікае рост п’янства і алкагалізму сярод жанчын. Па стану на пачатак жніўня на ўліку ў наркалагічным кабінеце Ляхавіцкай ЦРБ знаходзілася 191 жанчына з дыягназам “сіндром залежнасці ад алкаголю”.
У наш час жанчыны паспяхова працуюць у самых розных галінах вытворчасці, сацыяльнай сферы, сілавых структурах – ні ў чым не саступаюць мужчынам. А некаторыя прадстаўніцы прыгожай паловы, на жаль, імкнуцца не адстаць і ў сяброўстве са спіртным, і тут нічога добрага чакаць не даводзіцца. У іх, алкагалічак, сваё, асаблівае жыццё. Яны існуюць у межах аднаго дня, таго доўгачаканага імгнення, калі ў рукі трапіць чарговая бутэлька. Дзеля гэтага яны гатовы прадаць усё: адзенне, абутак свой і сваіх дзяцей, хатнія рэчы і нават сумленне.
Кожнаму з нас даводзілася су-стракаць такіх асоб: з пустымі вачымі, пачарнелымі спітымі тварамі, бруднымі валасамі, рукамі, якія трасуцца, – відовішча не з прыемных. Яны, каго язык не паварочваецца назваць жанчынамі, паспеўшыя прыняць “на грудзі”, выклікаюць толькі пагарду.
У большасці такіх дэградаваных асоб дома недагледжаныя, без пяшчоты і любві дзеці. Маці, якая спіць і бачыць, як выпівае шклянку-другую з сябрамі-сабутэльнікамі, пакідае сваё дзіця на руках старэнькай нямоглай бабулі, а то і чужога чалавека ці наогул проста забываецца пра яго існаванне, не бачыць сына ці дачку тыднямі і месяцамі, не ціка-віцца, ці дзіця накормлена, як апранута-абута, ці наведвае дзіцячы сад, школу…. Для такіх гарэлка – сэнс жыцця.
Як расказала загадчыца сектара аховы дзяцінства аддзела адукацыі райвыканкама Святлага Галееўская, на Ляхавіччыне зараз 61 жанчына з аматарак выпіць з’яўляецца абавязанай асобай і павінна кампенсаваць дзяржаве грошы, што пайшлі на выхаванне яе дзяцей.
На працягу многіх гадоў супрацоўнікі аддзела адукацыі, камісіі па справах непаўналетніх, міліцыя і медыкі вялі штодзённую “барацьбу” за шасцярых дзяцей з сумнавядомай ва ўсім раёне сям’і з Галаўнінцаў. Бацькі моцна сябравалі з алкаголем. Мужчыну першым пазбавілі бацькоўскіх правоў, ён неаднойчы судзімы (зараз таксама знаходзіцца ў месцах не вельмі аддаленых за здзекі над уласнай дачкой). Ужо і не падлічыш, колькі разоў пераконвалі, спрабавалі дастукацца да сэрца і сумлення гора-маці. Яна неаднойчы абяцала, што абавязкова выправіцца сама і зменіць да лепшага жыццё сваіх дзяцей. Але заўсёды алкаголь пераважваў. Жанчына часта не бывала дома, вяла амаральны лад жыцця, нідзе не працавала. За ўсім гэтым у яе не хапала часу на выхаванне дзяцей, у тым ліку і малодшага сына-інваліда 2004 года нараджэння.
Яна співалася ўсё больш, а дзеці, тым не менш, заступаліся за маці, клопат пра братоў і сясцёр на сябе ўзяла старэйшая Каця. Памятаю, як некалькі гадоў таму прыехалі ў гэтую сям’ю разам з супрацоўнікамі міліцыі і ўбачылі, як старэйшая дзяўчынка пякла на амаль дзіравай патэльні аладкі з мукі і вады (гэта ўсё, што было з прадуктаў у доме летам). Спрабавалі знайсці маці. Дзеці гаварылі, што яна пайшла на працу. Але, як высветлілася, тая п’яная спала за хатай. Потым у жанчыны з’явіўся новы сужыцель, які забраў яе з дзецьмі ў свой дом. Канешне, не палац, але лепш таго “хлява”, у якім сям’я жыла раней. Жанчыне дапамаглі ўладкавацца на працу ў ЗАТ “Белпрампрыбор”. Але пасля зарплаты яна па-ранейшаму ішла ў запой…
Сёлета напрыканцы чэрвеня яна разам з сужыцелем і дзецьмі назбірала і здала ягад на 300 тысяч рублёў. Балявалі ва ўсю, з гарэлкай. Паступова мірнае застолле перарасло ў сварку. “Пакрыўджаная” жанчына забрала дзяцей і вярнулася ў сваю хату, дзе і звяла рахункі з жыццём. Старэйшыя дачка і сын паўналетнія, пойдуць на свой хлеб, малодшы – у інтэрнаце, над астатнімі трыма сіротамі бяруць апякунства родныя нябожчыцы. Вось такая гісторыя з трагічным фіналам, у аснове якой – алкагольная пастка.
Гэты страшны прыклад – папярэджанне тым, хто сёння спяшаецца весела правесці вольны час за бутэлькай піва або чаркай віна. Як сцвярджаюць медыкі, жанчына вельмі хутка трапляе ў алкагольную залежнасць. Яшчэ нашы продкі гаварылі: у віне гора не ўтопіш. І сапраўды, спіртное не вырашыць праблемы, а вось здароўе (і фізічнае, і псіхічнае) ад яго значна пагаршаецца. Для прафілактыкі п’янства і алкагалізму неабходна, каб усе і кожны на сваім месцы змагаліся з гэтай негатыўнай з’явай, не былі абыякавымі да лёсу людзей, якія побач. Асаблівую ролю павінны адыграць працоўныя калектывы і грамадскія арганізацыі. У папярэджанні гэтага зла і ў барацьбе з ім многае па сілах і грамадскім праваахоўным фарміраванням.
Нарколагі выдзяляюць тры стадыі хранічнага алкагалізму: псіхалагічная залежнасць (звычка прапусціць шклянку-другую), псіхафізічная залежнасць (п’янства становіцца яўным, узнікае пахмельны сіндром), дэградацыя (усё, акрамя чарговага глытка напітку з градусамі, мала цікавіць). Але якой бы ні была стадыя, выхад заўжды ёсць. Вынік залежыць не ад палавой прыналежнасці хворага на алкагалізм, а ад таго, ці зможа і захоча чалавек знайсці ў сабе сілы стаць на ногі, па-новаму ўладкаваць сваё жыццё, і ці знойдуцца побач людзі, якія дапамогуць яму ў гэтым.
Галіна КАНЬКО