Урок гісторыі

Праз дзень чарговая дата Кастрычніцкай рэвалюцыі. Блізкая да круглай, да юбілейнай і вельмі прыгожая па напісанні. 99 гадоў мінула з моманту аўрораўскага стрэлу, эха якога ў форме лёгкіх і не сярдзітых спрэчак не-не, але здараецца пачуць і зараз. Што гэта было? Што, калі б не было ці пайшло ўсё інакш?

Нават з пункту гледжання дня сённяшняга, з вышыні надзвычай багатага гістарычна амаль што веку пралетарскае выступленне 25 кастрычніка (па старым стылі) 1917 года ўспрымаецца як абсалютна вызначальная і ў роўнай ступені супярэчлівая падзея. Зрэшты, з самім фактам неадназначнасці апошняй жорстка ніхто і не спрачаецца. А вось у пошуках апраўданняў і асабліва абвінавачванняў многія гатовы пайсці далёка.

У яшчэ блізкі, па гістарычнай шкале адліку, савецкі час 7 лістапада з’яўляўся Днём Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. Адзіная, безальтэрнатыўная, вытрыманая і гістарычна, і палітычна, і эканамічна, і на ўзроўні суседскіх гутарак фармуліроўка. Для многіх і зараз нічога не змянілася. Роўным лікам: ні ў самой назве, ні ва ўспрыманні, ні ў святочнасці. Для сапраўдных камуністаў, ідэйных і шчырых прыхільнікаў партыі Леніна 7 лістапада – гэта “золак чалавецтва”, “апафеоз свабоды”, “трыумф дэмакратыі”, “пачатак адзіна правільнага шляху гістарычнага развіцця грамадства”…

Але не толькі словы, яшчэ і канкрэтныя дзеянні. Вось і на панядзелак  Ляхавіцкая раённая арганізацыя Камуністычнай партыі Беларусі плануе ўрачыста-святочную акцыю. Як расказаў кіраўнік арганізацыі Андрэй Куркач, пройдзе яна сімвалічна, але максімальна сціпла: “Да помніка Леніну, што ў аграгарадку Падлессе, ускладзём вянок. Ні мітынгаў, як бывала неаднойчы раней, ні прамоў не плануецца”.

Не менш ідэйныя калі не праціўнікі, то апаненты першых успрымаюць і характарызуюць пралетарскае паўстанне 1917 года “пераваротам”, “сацыяльнай катастрофай”, “бедствам” і іншымі гучнымі эпітэтамі.

Многа, так бы мовіць, нейтралаў. Хто ні за, ні супраць, каго выгляд кастрычніцкіх сімвалаў, выступленні за і супраць кастрычніцкай рэвалюцыі пакідаюць абсалютна абыякавымі.  А што для вас дзень 7 лістапада?

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *