Да кілаватаў падыход дыферэнцыраваны
Патрэбнасць у электраэнергіі з кожным годам павялічваецца. А забяспечыць яе бесперабойную падачу становіцца ўсё больш складана ў сувязі з тым, што спажываецца яна на працягу сутак вельмі нераўнамерна. Напрыклад, электраэнергія найбольш патрэбна нам раніцай з 6 да 10 гадзін, а таксама вечарам – з 17 да 22 гадзін. Энергетыкі называюць гэты час максімумам электрычных нагрузак. З 23 гадзін да 5 гадзін раніцы нагрузка на энергасістэму значна змяншаецца.
Для пакрыцця ранішняга і вячэрняга максімуму электрычнай нагрузкі энергетыкам даводзіцца ў гэты час запускаць, а ноччу спыняць энергаблокі, што вельмі стратна. Вось чаму перанос нагрузкі з гадзін максімуму на іншы час сутак (на гадзіны начнога мінімуму) вельмі актуальны, выгадны для вытворцаў электраэнергіі і стымулюецца для прамысловых і бытавых спажыўцоў. Для гэтага распрацавана сістэма разлікаў за спажытую насельніцтвам электраэнергію па тарыфах, якія адрозніваюцца па гадзінных зонах сутак і днях тыдня. Гэта дазволіць выраўняць графікі нагрузак энергасістэмы і прадаваць насель-ніцтву электраэнергію, спажытую ў перыяды мінімальных нагрузак, на 30 працэнтаў танней, чым спажытую па звычайных тарыфах. Сёння існуе наступны дыферэнцыраваны тарыф, звязаны з гадзінным перыядам: пры спажыванні электраэнергіі з 22 да 17 гадзін у рабочыя дні і кругласутачна ў выхадныя і святочныя дні разлік робіцца па тарыфу 135,7 рубля за кілават-гадзіну; пры спажыванні электраэнергіі з 17 да 22 гадзін у рабочыя дні – па тарыфу 387,6 руб./ кВг. У той час як кошт электраэнергіі па аднаставачнаму тарыфу – 193,8 руб./кВг.
Разлікі па тарыфах, дыферэнцыраваных па гадзінных перыядах, могуць рабіць бытавыя абаненты, якія пражываюць у дамах, кватэрах, што забяспечаны электроннымі шматтарыфнымі электралічыльнікамі.
Для заключэння адпаведных дагавораў спажыўцу неабходна падаць заяву ў службу збыту Ляхавіцкага РЭС па адрасе: г. Ляхавічы, вул. Дзесюкевіча, 20.
Добры гаспадар паступае ашчадна.
Валерый МАСЛЮК,
намеснік начальніка Ляхавіцкага РЭС