Комплекс паўнацэннасці

Разам з русінавіцкімі жывёлаводамі іх поспех падзялілі кіраўніцтва гаспадаркі, прадстаўнікі абл- і райсельгасхарчу, ветслужбы, прафсаюзныя лідары.
Гаворка пойдзе пра сельскую гаспадарку. Пра СВК “Ляхавіцкі”, калі вельмі дакладна. Калі ж абсалютна адрасна, геройстваваць у нашым сённяшнім прысвячэнні будзе малочнатаварны комплекс “Русінавічы”. Каштоўнасць, вартаснасць гэтай можа і не фабрыкі, але цэха па вытворчасці малака блізкая да абсалюту. Што тычыцца тэхналогіі вытворчасці – яе ўзровень пасуе лепшым сучасным узорам. Кадравы склад? Кожны з 17 чалавек – тонкі прафесіянал у сузор’і яркага калектыву аднадумцаў. Рызыкнём меркаваць, што іменна гэтыя два “кіты” ляжаць у аснове поспеху МТК “Русінавічы” – вытворчага і эканамічнага.
Ушанаванне адбылося ў пятніцу ў памяшканні адміністрацыі СВК. Ва ўрачыста-цёплых абставінах, у прысутнасці кіраўніцтва, спецыялістаў, работнікаў гаспадаркі дыплом памочніку загадчыка МТК Івану Буйко ўручыў намеснік старшыні аблкамітэта прафсаюза работнікаў АПК Аляксей Флар’яновіч (на здымку першы злева). Першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Сяргей Буткевіч (на здымку ў цэнтры) адзначыў, што поспех русінавіцкіх жывёлаводаў – заканамерны вынік працы ўсіх працаўнікоў “Ляхавіцкага”, пачынаючы ад ці не галоўнага на ферме чалавека – даяркі – да кіраўніка гаспадаркі – мнагавопытнага і заслужанага Аляксандра Іванавіча Вітко.
Вялікі дзякуй за працу – гучала не аднойчы.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.