Не на склад, а спажыўцу
З вясны працавалі завадчане, каб вырасціць на падсобнай гаспадарцы большую частку сыравіны для перапрацоўкі на ўласнай вытворчасці. І сёння іх намаганні апраўдваюцца: агародніна дае выдатны ўраджай. Напрыклад, кабачкоў сабралі 700 тон, і гэта яшчэ не канчатковы вынік, збор ураджаю працягваецца. А шчаўе як урадзіла! 330 тон гэтай вітаміннай прадукцыі ўжо закансервавана. Збіралі ўраджай аж 8 разоў, будзе яшчэ і дзявяты. Вельмі добрай вырасла цыбуля. Цяпер яе падсушваюць – рыхтуюць на захоўванне, для далейшай перапрацоўкі. На чарзе – бульба, якая сёлета вырошчваецца на 15 гектарах.
Між іншым, займаюцца тут і закупкай агародніны. Агуркі, напрыклад, і цяпер яшчэ можна здаць на кансервавы завод. А ўсяго закупілі і перапрацавалі іх ужо 283 тоны.
Сёлета, як, дарэчы, і заўсёды, не будзе ў ляхавіцкіх кансерваўшчыкаў праблемы з рэалізацыяй прадукцыі. Яе высокая якасць (працуе і новы цэх, які забяспечаны сучасным абсталяваннем), прымальныя цэны, у тым ліку дзякуючы вырашчанай на падсобнай гаспадарцы сыравіне, – усё гэта прыцягвае пакупнікоў. Сёння ляхавіцкія кансервы адпраўляюцца на гандлёвыя базы рэспублікі прама з завода.
Аліна ЛАПІЧ