Касцёр ля дома “важыць” 30 базавых
Пра тое, што агонь тоіць у сабе небяспеку, неабходна памятаць і дома, і на вытворчасці, пры любых абставінах, дзе трэба яго выкарыстаць. Але зусім няхітрыя правілы вельмі часта забываюцца або ігнаруюцца. А ў выніку…
У СВК “Востраў-Агра” нядаўна загарэлася напольная сушылка. Пра пажар паведаміла па тэлефоне 101 загадчыца склада. Знішчаны дах пабудовы, пашкоджаны сцены. А прычынай здарэння стала тое, што на асобныя канструкцыі сушылкі траплялі іскры. Каб тут думалі пра пажарную бяспеку, то прынялі б адпаведныя меры і засцерагліся ад пажару.
Гаспадар адной з кватэр па вуліцы Южакова таксама аказаўся няўважлівым чалавекам. Паставіў на агонь каструлю з ежай і забыўся. Увесь пад’езд напоўніўся дымам, і суседзі выклікалі пажарны нарад. Усё закончылася для гаспадара кватэры штрафам і ўручэннем прадпісання аб забеспячэнні кватэры аўтаномным пажарным апавяшчальнікам.
А вось яшчэ адна праблема, якая ўзнікае кожную восень, калі пачынаецца ўборка ўраджаю. Многія спальваюць сухое бацвінне ад бульбы на сваіх прысядзібных участках. Інспекцыя дзяржпажнагляду ўжо прыцягнула да адміністрацыйнай адказнасці за гэта 6 чалавек. Але варта задумацца кожнаму: дым ад такіх кастроў адмоўна ўплывае на экалагічны стан навакольнага асяроддзя і на здароўе людзей, а агонь можа стаць прычынай пажару. З гэтай нагоды ўнесены змяненні ў правілы пажарнай бяспекі, якія датычаць іменна жыхароў уласных сядзіб: развядзенне кастроў на прысядзібных участках катэгарычна забараняецца. Для парушальнікаў прадугледжаны штраф у памеры 30 базавых велічынь.
Сяргей СІМАКОВІЧ,
намеснік начальніка РАНС