СВК «Жарабковічы». Ніва шчодрая ў руках дбайных /фота/
Шчодрыя землі, слаўныя традыцыі і, бадай, галоўнае – працавітыя людзі, дбайныя гаспадары, якія заўсёды жылі і жывуць на землях адной з самых вялікіх і паспяховых сельгасарганізацый Ляхавіччыны – СВК “Жарабковічы”. Не адно дзесяцігоддзе гэта гаспадарка асацыюецца з важкімі ўраджаямі (аднымі з лепшых не толькі ў раёне, але і вобласці), значнымі прывагамі і надоямі.
Нездарма лічыцца: зерне хоць залатым нараджаецца, але ператварыць яго ў золата без значных намаганняў немагчыма. На раённых “Дажынках” жарабковіцкая дэлегацыя заўжды самая прадстаўнічая. А летась аграгарадок Жарабковічы і ўвогуле гасцінна сустракаў рупліўцаў-хлебаробаў з усёй Ляхавіччыны. А сёлета на святкаванні ў Начы пад шчырыя апладысменты старшыня гаспадаркі Антон Булаты атрымаў дыплом пераможцы: сельгаскааператыў заняў другое месца па выніках раённага жніва-2016.
Антон Тадэвушавіч на пасадзе кіраўніка нядаўна, а вось стаж работы ў сельгаспрадпрыемстве – больш за 2 дзесяцігоддзі. Аграном па адукацыі, ён прайшоў усе хлебаробскія прыступкі ад механізатара да галоўнага агранома. І сваю любоў да роднай зямлі перадаў дзецям: сын-студэнт летам садзіцца за штурвал камбайна.
– Канешне, сёлета надвор’е не дало паўтарыць леташні па-сапраўднаму залаты ўраджай, але 57,5 цэнтнера на круг – таксама нядрэнна. Стараліся ўсе, хто прама ці ўскосна задзейнічаны на жніве. На палях шчыравалі экіпажы камбайнераў і вадзіцелі, заўсёды ў гушчыні спраў – агранамічная і інжынерная службы. Свой уклад у агульны каравай унеслі і работнікі сталовай – варылі, смажылі, – гаворыць Антон Булаты.
Выдатна працавалі ўсе 16 экіпажаў збожжаўборачных камбайнаў. Асабліва стараліся далёка не навічкі хлебнай нівы камбайнеры Уладзімір Сакалоўскі, Юрый Буцько, вадзіцель Аляксандр Грабянко. Не адставалі ад больш вопытных калег і маладыя: камбайнер Сяргей Новік, вадзіцель Сяргей Урванцаў. Сярод пераможцаў у сваіх намінацыях на фестывальную сцэну абласных ”Дажынак” у Драгічыне сёлета падымаліся і рупліўцы зямлі жарабковіцкай: камбайнеры Сяргей Бурак, Георгій Жук, Іван Касміна, Андрэй Дзянішчык, машыністы зернесушыльных комплексаў Андрэй Свінабурка і Сяргей Таранда.
Вырашчаныя на тутэйшай шчодрай глебе цукровыя буракі таксама штогод б’юць рэкорды ўраджайнасці. Вось і сёлета кожны з 947 бураковых гектараў парадаваў 650 цэнтнерамі салодкага кораня.
Падрыхтоўка глебы, сяўба, догляд за пасевамі, уборка – працэс бясконцы. Без сучаснай тэхнікі было б немагчыма справіцца на сельгасугоддзях гаспадаркі, якія раскінуліся на 9630 гектарах, і на фермах. Машынна-трактарны парк налічвае амаль 200 адзінак тэхнікі. Інжынерная служба пад кіраўніцтвам маладога, адказнага і перспектыўнага Міхаіла Пятроўскага паспявае ўсё і ўсюды.
У якасці прыкладу “Жарабковічы” неаднойчы ўзгадваюцца і па ўвядзенні ў севазварот земляў, вызваленых пры зносе старых безгаспадарчых сядзіб.
Хапае, прычым круглы год, работы і ў мясцовай будаўнічай брыгады на чале з Людмілай Мікуліч (яна яшчэ і прафсаюзны лідар “Жарабковічаў”), якой вельмі дапамагае Алена Свянтэцкая. Сіламі 70 будаўнікоў рамантуецца жыллё, з іх удзелам узводзіцца гаспадарчым спосабам новы малочнатаварны комплекс з даільнай залай.
С ёлета за 10 месяцаў з 7 малочнатаварных фермаў рэалізавана 10000 тон малака, трэцяя частка – гатункам экстра. Кіраўнік гаспадаркі з павагай гаворыць пра кожную з аператараў машыннага даення. За 10 месяцаў гэтага года большыя надоі ў Лідзіі Чаркас (МТФ “Жарабко- вічы”) – 7015 кілаграмаў на карову. Перасягнулі пяцітысячны рубеж Людміла Кудзін (МТФ “Гулічы”), Аксана Таўпека (МТФ “Дамашы”) Таццяна Лук’янчык (МТФ “Зарытава”), набліжаюцца да іх Галіна Андросік (МТФ “Сваятычы”) і Вера Анастасьева (МТФ “Шавялі”).
З аддачай працуюць і на комплексе па адкорме буйной рагатай жывёлы, дзе ўтрымліваецца 3000 галоў. У групе цялятніцы Людмілы Буцько самыя значныя сярэднясутачныя прывагі – 703 грамы.
Вылучае СВК і яшчэ адна – даволі рэдкая сельскагаспадарчая галіна – авечкагадоўля. Сёння пагалоўе перавышае 4000, вырасла ў параўнанні з пачаткам года. І наконт гэтай галіны, хай не такой прыбытковай, як іншыя, у кіраўніцтва ёсць планы.
Галоўны бухгалтар гаспадаркі Таццяна Герус адзначае, што за сваю добрасумленную працу людзі дастойна зарабляюць: сярэднямесячная заработная плата – 525 рублёў. Расказвае:
– У сельгаскааператыве працуе 595 чалавек, з іх 120 – ва ўзросце да 31 года. Маладыя спецыялісты прыходзяць па размеркаванні і затрымліваюцца надоўга. Чаму б і не? Жыллём забяспечваюць, умовы працы – камфортныя, зарплата – нядрэнная і іншых бонусаў хапае.
– Людзі – наш гонар і галоўнае багацце, якое мы цэнім і беражом, незалежна ад таго, працуюць яны ў сельскай гаспадарцы або вучаць і выхоўваюць дзяцей, лечаць хворых, арганізоўваюць вольны час землякоў. Мы абавязаны зрабіць іх дабрабыт камфортным, – упэўнены старшыня.
Традыцыйная падтрымка ад СВК: сённяшнія працаўнікі і пенсіянеры могуць купіць зерне па сабекошце, дапамагаюць ім з нарыхтоўкай кармоў для жывёлы з асабістых падворкаў, на транспарце гаспадаркі адвозяць у санаторыі і прывозяць назад. Можа пахваліцца сельгаскааператыў і паспяховым фірменным гандлем – магазінамі ў аграгарадку Падлессе і вёсцы Зарытава.
Усё дзеля аднаго: каб добра, камфортна жылося тутэйшым аграгараджанам і вяскоўцам – працавітым, шчырым, добрасумленным. Яны, акрамя іншага, паказваюць майстар-клас на раённых спартакіядах працоўных калектываў, у спаборніцтвах санітарных дружын. А яшчэ адметныя сямейнымі дынастыямі. Шмат гадоў, калісьці яшчэ ў калгасе “Беларусь”, працавала звеннявой паляводчай брыгады Вольга Ждановіч, за поспехі была ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Побач быў муж Васілій. З 1974 года тут, цяпер у якасці галоўнага эканаміста – іх сын Анатолій Ждановіч. Жонка Анатолія Васільевіча Тамара – бухгалтар, сын Віктар – вадзіцель. А колькі Панічавых у “Жарабковічах”! Сяргей – знакаміты на ўсю акругу вадзіцель, яго жонка Алена – загадчыца склада, дачка Ірына Новік – дыспетчар, брат Васілій – начальнік пункта тэхнічнага абслугоўвання. А пачыналася ўсё з маці-даяркі і бацькі-трактарыста. І такіх прыкладаў нямала. Тое, што бацькі раяць сваім нашчадкам заставацца жыць і працаваць на зямлі сваіх продкаў, – дарагога варта. Гэта і ёсць аптымістычная перспектыва.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.