Школьны ранец падрыхтаваны
Цэлы багаж рэчаў і вучнёўскіх прылад неабходна падрыхтаваць бацькам да пачатку навучальнага года. Акрамя пакупкі школьнай формы, спартыўнага касцюма і абутку, трэба асаблівую ўвагу звярнуць на тое, каб у вучнёўскім ранцы былі сшыткі, алоўкі, ручкі, рознага роду дапаможныя прылады – здаецца, усяго і не пералічыць. Матэрыяльныя затраты, асабліва ў шматдзетных сем’ях, дзе да школы патрэбна падрыхтаваць адразу 2, 3, а то і 4 дзіцяці, атрымліваюцца вельмі адчувальнымі. Вось і прыйшло на дапамогу многім таварыства Чырвонага Крыжа, якое аб’явіла акцыю “Дапамога да школы”. У нашым раёне 24 шматдзетныя сям’і, у тым ліку і тыя, што выхоўваюць рабят у дзіцячых дамах сямейнага тыпу, атрымалі канцылярскія тавары, цацкі, адзенне і наборы прадуктаў харчавання. Як зазначылі бацькі, дапамога аказалася вельмі своечасовай і ак-туальнай.
Яшчэ адна акцыя членаў таварыства была накіравана на пад-трымку маламаёмных грамадзян. Валанцёры Чырвонага Крыжа даставілі наборы прадуктаў харчавання па 13 адрасах, дзе пражываюць адзінокія пенсіянеры, аказана падтрымка і 8 грамадзянам, якія нядаўна вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі.
Прадстаўнікі раённай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа заўсёды з’яўляюцца там, дзе неабходна іх дапамога і падтрымка.
Аліна ЛАПІЧ