Не лішняя інстанцыя
Прафсаюзныя арганізацыі на прадпрыемствах недзяржаўнай формы ўласнасці – з’ява рэдкая. Хаця апошнім часам з’явілася тэндэнцыя па стварэнні пярвічак і ў сферы бізнесу. Ляхавіцкі раён не выключэнне: прафсаюзныя пярвічкі зарэгістраваны ў ЗТАА “БелДан” і ТАА “Трансэлектракамплект”.
– Мы не існуем у некай адасобленай прасторы, цікавімся, як ідуць справы ў іншых арганізацыях малога і сярэдняга бізнесу. Прыглядваліся, як там супрацоўнічаюць прафсаюзы і наймальнікі. Неаднойчы абмяркоў-валася пытанне стварэння пярвічкі і на нашым прадпрыемстве. Паступова ад слоў перайшлі да справы, – расказвае намеснік дырэктара ТАА “Трансэлектракамплект” і старшыня прафкама прадпрыемства Яўгеній Сяргей.
У верасні 2015 года 87 з 94 тутэйшых працаўнікоў добраахвотна аб’ядналіся ў прафсаюзную пярвічку, якая ўвайшла ў склад райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.
Перш чым ствараць пярвічную арганізацыю, тут вызначыліся, што яна будзе каардынатарам і абаронцай працоўных, прафесійных, эканамічных і сацыяльных правоў і законных інтарэсаў членаў прафсаюза, сярод яе функцый – стварэнне ўмоў для задавальнення духоўных патрэб работнікаў, далучэнне іх да культуры, мастацтва, спорту, здаровага ладу жыцця – усяго таго, без чаго не магчымы ні высокая эфектыўнасць вытворчасці, ні сацыяльны дабрабыт калектыву. Для дасягнення гэтых задач выкарыстоўваецца калектыўны дагавор, які заключаны паміж кіраўніцтвам “Трансэлектракамплекта” і прафкамам таварыства сёлета ў красавіку. Ён рэгулюе працоўныя і сацыяльна-эканамічныя адносіны паміж наймальнікам і работнікамі. Сумесна распрацавалі палажэнні аб аплаце працы, прэміраванні. Асаблівая ўвага – сацыяльным гарантыям. Прадпрыемства аплачвае пэўную частку (у залежнасці ад стажу работы ў таварыстве) кошту пуцёўкі ў санаторый ці прафілакторый. Да Дня абаронцаў Айчыны, Дня жанчын, Новага года ўсе работнікі атрымліваюць матэрыяльную дапамогу, як і тыя, хто ідзе на пенсію, – усё за кошт таварыства. Шмат па якіх накірунках адміністрацыя і прафкам (у складзе 7 чалавек, абраных калектывам) дзейнічаюць сумесна. Гэта і сацыяльна-эканамічнае развіццё прадпрыемства, і ўмацаванне дысцыпліны, павышэнне прадукцыйнасці працы, стварэнне здаровых і бяспечных умоў на працоўных месцах, захаванне працоўнага заканадаўства.
Прафкам актыўна ўдзельнічае ў рабоце камісій, створаных на прадпрыемстве. Праводзіцца і індывідуальная работа з членамі калектыву. Прафсаюз выступае ў ролі грамадскага кантралёра, сочыць за выкананнем правоў працаўнікоў у галіне аховы і ўмоў працы, сацыяльных гарантый і зарплаты.
Заснавальнік і дырэктар ТАА Генадзій Сакуць сцвярджае, што не бачыць праблем, якія б перашкаджалі стварэнню прафсаюзных структур у прыватным сектары эканомікі, не лічыць іх лішнімі ў калектыве, таму з энтузіязмам падтрымлівае пачынанні прафкама:
– Работадаўцы і прафсаюзы маюць агульныя інтарэсы. Абодва бакі зацікаўлены ў далейшым развіцці прадпрыемства, эканамічным росце паказчыкаў, сацыяльнай стабільнасці ў калектыве. Адсюль і неабходнасць нашага цеснага і плённага супрацоўніцтва.
На першы план сёння выходзіць прававая абарона інтарэсаў работнікаў. Дзякуючы ў многім дзейнасці прафсаюзаў, работнікі прадпрыемстваў і арганізацый даведваюцца пра свае сацы- яльныя гарантыі.
– Наша пярвічка – каманда аднадумцаў, аб’яднаная не толькі агульнымі задачамі, але і даверам, добрымі ўзаемаадносінамі, – гаворыць бухгалтар прадпрыемства, член прафкама Алена Плескацэвіч.
Яўгеній Сяргей расказвае, што з моманту стварэння пярвічкі спрэчныя пытанні пакуль не вырашалі. І не таму, што гэта не ў прафсаюзных сілах. Проста іх не было.
Галіна КАНЬКО.
Па стане на 1 ліпеня гэтага года, 8659 нашых землякоў з’яўляліся членамі прафсаюза. На прадпрыемствах, у арганізацыях і ўстановах дзейнічала 88 пярвічных арганізацый. Курыруе работу ўсіх прафкамаў і райкамаў раённае аб’яднанне прафсаюзаў.