Праэкзаменуе надвор’е

Старшыня раённай камісіі па надзвычайных сітуацыях, намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Вашчук падрабязна прааналізаваў сітуацыю.
Так, РАНС сумесна з раёнам электрасетак і лясгасам яшчэ напачатку года абследавалі лініі электраперадач, што праходзяць праз лясныя масівы, і выдалілі дрэвы, якія пагражалі іх абрыву.
Асаблівая ўвага ў неспрыяльных умовах надвор’я – аб’ектам з масавым знаходжаннем людзей і маршрутам дастаўкі дзяцей ва ўстановы адукацыі.
Шэраг арганізацый і іх падраздзяленняў (хірургічнае аддзяленне і аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі райбальніцы, РАУС, АТС Ляхавіцкага вузла электрасувязі і іншыя) аснашчаны рэзервовымі лініямі электрасілкавання і стацыянарнымі дызельнымі электрастанцыямі. У арсенале энергетыкаў – неабходныя тэхсродкі для правядзення аварыйна-аднаўленчых работ. Для бесперабойнай працы кацельных камунальнікі маюць рэзервовую кабельную лінію, 4 кацельні абсталяваны для падключэння мабільных крыніц электразабеспячэння.
Своечасовая ачыстка дарог і тратуараў, прыпынкаў і іншых аб’ектаў – у кампетэнцыі не толькі дарожнікаў. Ім у дапамогу тэхніка шэрага арганізацый і прадпрыемстваў раёна. Праўда, не ва ўсіх пакуль 100-працэнтная гатоўнасць. На гэтыя і іншыя недапрацоўкі звярнуў увагу старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч і падкрэсліў, што кожны кіраўнік павінен не толькі добра ведаць алгарытм рэагавання ў той ці іншай сітуацыі, але і быць гатовым да яе.
Начальнік РАНС Валерый Равінскі агучыў вынікі рэспубліканскай пажарна-прафілактычнай акцыі “За бяспеку разам”, што праходзіла на тэрыторыі нашага раёна. Яна, акрамя іншага, абазначыла і праблемы, на якія неабходна звярнуць асаблівую ўвагу.
На апартнай нарадзе разглядаліся і іншыя пытанні, што датычацца жыццядзейнасці рэгіёна.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.