Вада будзе. Трэба крыху пачакаць…
У рэдакцыю звярнуўся ляхавічанін Георгій Зубальскі, які па-дзяліўся праблемай, што хвалюе яго і іншых жыльцоў дома № 9 па вуліцы Гагарына: шматкватэрнік на ўсё лета застаўся без гарачай вады. “Калі, у рэшце рэшт, работы на цеплатрасе будуць завершаны, і мы зможам, як і іншыя, карыстацца гарачай вадой?”– пацікавіўся Георгій Аляксандравіч. Гэтае пытанне мы пераадрасавалі дырэктару КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” Аляксандру Мядзвецкаму. Кіраўнік камунальнай службы пракаменціраваў сітуацыю: — Так, на жаль, дамы № 12 па вуліцы Мінскай і № 9 па вуліцы Гагарына сёння без гарачай вады. Прычына – рамонт цеплатрасы. Улічваючы, што на гэтым аб’екце (па дакументах ён называецца “вуліца Першамайская, цеплакамера 6”) з моманту пабудовы практычна нічога не мянялася, то па тэрмінах эксплуатацыі без замены можна было б чакаць праблемы ў ацяпляльны сезон. Таму нават у сённяшні няпросты час мы знайшлі магчымасць правесці рамонтныя работы. І мы зацікаўлены гэты аб’ект запусціць як мага хутчэй. Сёння ўсе асноўныя камплектуючыя закуплены, на што выдаткаваны немалыя грошы (да прыкладу, толькі дзве засаўкі, неабходныя на гэтым участку, абышліся ў 172 мільёны рублёў). Жыльцам згаданых дамоў трэба яшчэ крыху пацярпець. Работы на аб’екце вядуцца з апераджэннем графіка. А з бліжэйшых выхадных работы будуць весціся і ў суботу. Мы плануем, што гарачая вада будзе пададзена ў кватэры ў трэцяй дэкадзе верасня.