GPON ідзе да вас
Сучасныя тэхналогіі трывала ўвайшлі ў наша паўсядзённае жыццё. Літаральна з кожным днём іх становіцца больш, і закранаюць яны розныя сферы. Электрасувязь не выключэнне.
Здаецца, зусім нядаўна заявіў пра сябе стандарт GPON – тэхналогія шырокапалоснага мультысэрвіснага доступу па аптычным валакне. А ўжо 31 кастрычніка ў краіне да паслугі падключаны мільённы абанент. Згодна рэспубліканскай праграмы “Аптавалакно ў кожны дом”, да канца 2020 года інтэрнэт і іншыя паслугі праз аптычнае валакно прыйдуць у кожны гарадскі шматкватэрнік. Тэхналогія GPON упэўнена крочыць не толькі па вялікіх гарадах, але і паспяхова прабівае сабе шлях у райцэнтрах, у тым ліку і нашым.
Начальнік Ляхавіцкага вузла электрасувязі Анатолій Лукашэвіч расказвае, што гэты сучаснейшы высокатэхналагічны прадукт, які прапаноўваюць цяпер і мясцовыя электрасувязісты, дае надзвычай шырокія магчымасці. У першую чаргу, паляпшаецца якасць абслугоўвання. Важны плюс – больш высокая скорасць доступу ў інтэрнэт: да 50 Мбіт/с. Для параўнання: пры звычайным медным кабелі максімальная скорасць дасягае 4 Мбіт/с. Яшчэ адна перавага – пашырэнне спектра дадатковых тэлефонных сэрвісаў.
Пракладка валаконна-аптычнага кабелю ў кватэры праводзіцца за кошт уласных сродкаў “Белтэлекама”. Пасля таго, як у кватэры ўстаноўлена аптычная разетка, электрасувязісты падключаюць спецыяльнае абсталяванне, якое выдаецца абанентам у карыстанне бясплатна.
Першымі ў нашым раёне перавагі шырокамаштабнай мадэрнізацыі электрасувязі адчулі на сабе жыльцы шматпавярховікаў па вуліцы Інтэрнацыянальнай у райцэнтры, а таксама дамоў № 1 і № 3 па вуліцы Кальцавой, № 4 па завулку Фестывальным – усяго 760 кватэр. Пачаліся падрыхтоўчыя і асноўныя работы і ў шматкватэрніках так званай другой чаргі. Перавагі GPON да канца наступнага года паспеюць адчуць амаль у тысячы кватэр: літаральна ўсяго мікрараёна вуліцы Будаўнікоў, дамоў № 9 і № 11 па вуліцы Гагарына, № 12 па вуліцы Мінскай, № 21 і № 23 па вуліцы Чкалава, усіх шматкватэрнікаў па вуліцы Арлоўскага. Астатнія трапляюць у трэцюю чаргу.
Сярод найбольш папулярных у насельніцтва навінак электрасувязі для абанентаў сеткі GPON Анатолій Лукашэвіч прыгадвае пакет паслуг “Ясна”, што ўключае інтэрактыўнае тэлебачанне ZALA, высокаскорасны інтэрнэт (скорасць доступу ад 10 Мбіт/с) і безлімітную тэлефонную сувязь (усе званкі па тэлефоне ў межах рэспублікі бясплатныя, за выключэннем званкоў на сотавыя сеткі). Гэта не толькі зручней, але і эканамічна больш выгадна: абаненты “Ясна” плацяць усяго 21 рубель за “ўсё ўключана”. Аплата за паслугі, уключаныя ў пакет, праводзіцца на адзін асабовы рахунак.
Галіна КАНЬКО.
Інфаграфіка БЕЛТА.