«Цэнтр» адпавядае назве
Сям’я Чарапавіцкіх у Начы вядомая, усе заўзятыя працаўнікі. Бацька – Мікалай – вадзіцель з багатым стажам, сыны Мікалай і Іван – механізатары, маці – Людміла – загадчыца МТФ “Цэнтр”.
Пачынала сваю работу ў новым статусе іменна з навядзення парадку, сфарміравала новы калектыў, аб’яднала ўсіх адной задачай, размеркавала абавязкі, наладзіла кантроль за іх выкананнем.
Жывёлу раздзялілі на вытворчыя групы згодна тэхналогіі, выдзелілі сухастой, стварылі належныя ўмовы для ўтрымання. Рэканструкцыя памяшкання, уладкаванне кармавых сталоў, механізаванае кармленне статка – добрыя перамены прынеслі адпаведны вынік.
– Правільна і своечасова накарміць жывёлу – галоўная задача, – расказвае Людміла Чарапавіцкая. – Рацыёны павінны быць збалансаванымі, кармы – якаснымі. Камбікорм выкарыстоўваем толькі заводскага прыгатавання, 300 грамаў на літр малака – дастаткова. Варым зерневую патаку. Гэта наша адкрыццё. Магчыма, знойдуцца скептыкі, маўляў, навошта лішні клопат, але мы так не лічым. Уводзім у рацыёны жамерыны, якія возім з Гара-дзейскага цукровага камбіната.
А далей справа за “Хозяином” і сумленнем механізатара, які гатуе і раздае корм. Віктара Валчка лічаць тут незаменным чалавекам і вельмі адказным працаўніком. Яму дапамагае Сяргей Кісель, а на пагрузчыку кармоў працуе Юрый Ксёнжык. А кармоў у гаспадарцы ў дастатку: нарыхтавана па 28 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Пра тое, што статак корміцца правільна і дастаткова, сведчыць тлустасць малака – больш за 4 працэнты пры базісным паказчыку 3,6.
Тэхналогія даення адпрацавана да дробязяў. Дакладней, тут няма дробязяў. Аператары выкарыстоўваюць аднаразовыя сурвэткі, гігіенічныя прэпараты, спецыяльныя растворы.
– Гэта ўжо якасць малака, якая пачынаецца з добра вымытага малакаправода, за што ў адказе слесар Юрый Базыльчык, – працягвае свой расказ Людміла Чарапавіцкая. – Ні адна даярка не дазволіць сабе карыстацца брудным апаратам. На перапрацоўку здаём больш як 40 працэнтаў малака гатункам экстра, астатняе – вышэйшым, і гэта не мяжа.
Колькасць і якасць атрыманай прадукцыі ў прамой залежнасці ад работы па аднаўленні статка. Апошнія гады над праблемай настойліва працуе група зааветспецыялістаў на чале з галоўным заатэхнікам гаспадаркі Георгіем Сяргейчыкам. Сярод яго надзейных памочнікаў заатэхнік-селекцыянер Ірына Лук’янава, асемянатар Генадзій Манько. Сёння сельгаспрадпрыемства мае 478 цялушак для аднаўлення статка, прычым, пры адборы вялікае значэнне надаецца генетычнаму патэнцыялу маладняка, кармленню і ўтрыманню. Для гэтага рэканструявана памяшканне ў Гарлеўшчыне і створаны спецыяльны цэх па аднаўленні статка.
Кожная з 12 начаўскіх даярак, акрамя сваёй асноўнай работы, даглядае яшчэ і цялят да двухмесячнага ўзросту. Палічылі, што гэта самы надзейны спосаб атрымаць здаровы маладняк. А для эфектыўнай выпайкі мясцовыя ўмельцы прыдумалі спецыяльны апарат для размарозкі і падагрэву малодзіва.
Потым цялят прымае пад сваю апеку вопытны Міхаіл Шостак. Пад прафілакторый для маладняку рэканструяваны будынак былога дома для жывёлаводаў, што многа гадоў пуставаў. У добрых умовах (таксама ў рэканструяваным памяшканні) і з добрымі вынікамі працуюць даглядчыкі цялят Васілій Ясінскі, Ала Анікеенка, Казімір Голя, Віктар Жаўнярэвіч.
– Безумоўна, новыя сучасныя малочныя комплексы, забяспечаныя высокатэхналагічным абсталяваннем, працуюць эфектыўна, – гаворыць дырэктар ДП “Нача” Мікалай Тарлюк. – Аднак, каб пабудаваць такі комплекс з нуля, патрэбны вялікія сродкі. А побач пустуюць памяшканні, да якіх трэба прыкласці рукі, і яны яшчэ паслужаць. Гэты шлях мы і выбралі.
Усе работы па рэканструкцыі начаўцы праводзяць сваімі сіламі і за кошт уласных сродкаў, без прыцягнення крэдытаў і пазык. Напрыклад, у Гарлеўшчыне, дзе некалі быў свінакомплекс, яшчэ адно памяшканне рэканструявалі пад склад зерня і мінеральных удабрэнняў, было бульбасховішча – зрабілі сянажную траншэю (зразумела, і запоўнілі яе).
Дарэчы, і на МТФ “Цэнтр” уласная брыгада будаўнікоў стварыла належныя бытавыя ўмовы для працаўнікоў. А Людміла Чарапавіцкая падкрэслівае, што ў калектыве працуюць не проста аператары машыннага даення, а сапраўдныя профі: Наталля Дараневіч, якая раздойвае першацёлак, прызнана чалавекам года, Валянціна Шостак, Наталля Пятрушка маюць надоі ад сваіх рагуляў не горшыя тых, што атрымліваюць на комплексах. За 10 месяцаў сярэдні надой ад кожнай каровы па ферме склаў больш як 5420 кілаграмаў малака, але ж да канца года ёсць яшчэ час.
Аліна ЛАПІЧ.
Фота аўтара.