Трэці бок медаля. Шчыра віншуем з заслужанай узнагародай!

Аверс у асаблівай ступені, рэверс больш стрымана, не так багата і менш інфарматыўна, але кожны з двух бакоў любога медаля – суцэльны бляск, іскрыстая святочнасць. А калі і не, то абавязковая ўрачыстасць. Што лагічна, улічваючы “зорны” статус як самога гэтага прадмета, так і яго ўладальніка.
Але ж дабавім свайму погляду глыбіні, і з усёй шчырасцю, рэльефнай выразнасцю перад вачамі ўзнікне трэці бок медаля. Там усё “завязана” на працы, звязана з работай, службай, паўсядзённым шчыраваннем на карысць дзяржавы, прадпрыемства, сябе. Часта – не зважаючы на выхадныя і святочныя дні, працягласць працоўнага часу.
Усё гэта – і пра начальніка транспартнага ўчастка ААТ “Ляхавіцкі льнозавод” Аляксандра Свінабурку, адзначанага медалём “За працоўныя заслугі”.
Аўтамабілі, трактары, самаходная льнотэхніка, магутны шлейф навясных-прычапных агрэгатаў і асобныя іншыя вытворчыя фонды ўтвараюць гаспадарку транспартнага ўчастка. Не адзін і не тры дзясяткі машын, некаторыя з іх – інжынерны эксклюзіў у маштабах раёна. І ўвесь гэты жалезны караван неабходна трымаць у тонусе. Пачынаючы з ранняй вясны і да позняй восені – рашэнне палявых задач, паспяховасць якіх ці не ў першую чаргу залежыць ад бесперабойнай работы механікі. І механікаў. Кароткі міжсезонны перыяд – напружаныя рамонтна-прафілактычныя клопаты. На льнозаводзе – пад кіраўніцтвам, а нярэдка і пры непасрэдным удзеле начальніка ўчастка Аляксандра Свінабуркі.
Адказны, дысцыплінаваны, сціплы па характары, але і не без жорсткай патрабавальнасці да сябе і, там дзе інакш нельга, да сваіх падначаленых. Прыкладна такую характарыстыку даў Аляксандру Мікалаевічу дырэктар прадпрыемства Дзмітрый Скакун.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.