Моўны рэфлекс

Гэта радкі з пісьма “земляка-ідэаліста” (так падпісаўся аўтар) на адрас электроннай пошты раёнкі. Заўвага, папрок, нязгода, крытыка. Адначасова – просьба, прапанова, падказка, якой – прабачце, “зямляк-ідэаліст”, – веснікаўцы не скарыстаюцца. Справа ў тым, што раённая газета “Ляхавіцкі веснік” і па статуце рэдакцыі (ёсць такі афіцыйны дакумент), і па пасведчанні аб рэгістрацыі заяўлена і зацверджана як беларускамоўная. Такой яна з’яўляецца ўсё сваё жыццё, ад нараджэння ў кастрычніку 1943-га. Родным словам заклікала біць фашысцкіх нелюдзяў, расказвала пра барацьбу партызан, пра пакуты насельніцтва на акупіраванай тэрыторыі, друкавала весткі з франтоў. А потым распавядала пра радасць Перамогі, мірнае будаўніцтва, пра сваіх дарагіх землякоў, іх лёсы і клопаты. І сёння пад лагатыпам “Ляхавіцкі веснік” шчыры дыялог з чытачамі раёнка вядзе на такой знаёмай, такой сваёй мове нашай зямлі беларускай.
І што ў гэтым штучнага? Незразумелага? Дзіўнага? Няправільнага? Яе не пераблытаеш ні з якой іншай, пяшчотную, вобразную, дакладную. Услухайцеся: кахаю, летуценне, журавінка, валошкі, аксаміт, жніво, жытнёвы хлеб, зачараванне, радзіма – “старана мая азёрная – дом у белым вішняку”, “бярозавая, бэзавая, хвойная – яна найпрыгажэйшая заўсёды”…
Нічога не маю супраць рускай мовы – адной з дзвюх дзяржаўных, што замацавана канстытуцыйна. Шаную яе, захапляюся, чытаю-перачытваю расійскіх аўтараў, класікаў і сучаснікаў, шмат гавару на ёй.
Некалі пасля журфака нават пісала матэрыялы ў сваю газету на рускай з наступным перакладам на беларускую. За чатыры дзесяцігоддзі працы ў беларускамоўным выданні ўлюбілася ў кожны радок Багдановіча і Купалы, Коласа і Караткевіча, навучылася, здаецца, на смак адчуваць сакавітасць роднага слова. І што ў ім незразумелага? Якія перакладчыкі патрэбны? У нас жа, паўтаруся, дзве дзяржаўныя мовы з аднолькавымі правамі. Ляхавіцкая раёнка звяртаецца да сваіх чытачоў па-беларуску. Выключэнне робіцца для рэкламных матэрыялаў.
Запалі ў душу паэтычныя радкі аўтара вершаў любімай многімі землякамі песні “Жураўлі на Палессе ляцяць”. Такая чыстая асалода:
Дык чаруй жа людзей
паміж моваў другіх
І гучы вечна ярка і нова,
Мова продкаў маіх
і нашчадкаў маіх –
Беларуская родная мова!
…Трапіла на вочы ў тлумачальным слоўніку паняцце “ўмоўны рэфлекс” – той, які выпрацаваны на працягу жыцця пры ўдзеле галаўнога мозга. Па асацыяцыі падумала: а на моўны рэфлекс працуюць яшчэ сэрца, душа і генная памяць. У ёй, у гэтай памяці, – скарб мілагучнасці, гармоніі, цеплыні, рэха пачатку, гучанне працягу.
Пачуйце, як прывычна гучаць мова беларуская, мова руская, а ў звычайных стасунках – і так званая “трасянка”. Звычайны для нашых мясцін варыянт. Дружалюбная моўная традыцыя.
Мае права быць.
Вольга БАРАДЗІНА.