Зямельны рэсурс

Падчас праверак выканання зямельнага заканадаўства служба сёлета выявіла 18 парушэнняў, звязаных з невыкарыстаннем участкаў, самавольным іх заняццем і г.д. Землекарыстальнікам выдадзена 23 прадпісанні аб ухіленні парушэнняў. 5 юрыдычных асоб атрымалі прадпісанні аб неабходнасці ўключэння земляў, што не выкарыстоўваліся, у сельгасабарот і навядзення парадку. У шэрагу садовых таварыстваў па выніках праверак у грамадзян адабраны і перададзены ў фонд пераразмеркавання таварыстваў 101 участак.
Кіраўнік раёна Вячаслаў Сельмановіч акцэнтаваў увагу на праблемных пытаннях, якія патрабуюць вырашэння: на неабходнасці добраўпарадкавання тэрыторыі ўздоўж аб’язной дарогі за Ляхавічамі, што належыць садоваму таварыству, на больш актыўным прыцягненні ў абарот сельгасугоддзяў, на цесным узаемадзеянні землеўпарадкавальнай службы, аддзелаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама і г.д.
На нарадзе ўзнімалася шмат важных тэм. Асобна спыніліся на пытаннях бяспекі дзяцей і дарослых, удзельнікаў дарожнага руху, а таксама аматараў зімняй лоўлі рыбы. Начальнік РАНС Валерый Равінскі прыгадаў свежы выпадак: днямі на вадасховішчы Нетчын непаўналетні вудзіў рыбу і праваліўся пад лёд. Самастойна выбраўся, пакінуўшы на лёдзе рыбацкую амуніцыю, пабег сагрэцца. Вясковец, што праходзіў міма, убачыў кінутыя рэчы і падняў трывогу. Выратавальнікі высветлілі падрабязнасці “рыбалкі”.
На гэты раз усё скончылася добра. Хаця надзвычайнага здарэння можна і трэба было пазбегнуць. Літаральна напярэдадні падлетак у школе глядзеў фільм пра небяспеку тонкага лёду. Ды і бацькам не пашкодзіла б больш цікавіцца, як сын бавіць вольны час.
Зіма толькі пачалася, і дарослыя павінны тлумачыць дзецям, што ім зараз не месца на рацэ ці на вадасховішчы. Пра асабістую бяспеку варта памятаць і рыбакам.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.