Чым зможам — дапаможам
Комплексная праграма развіцця на 2011-2015 гады прадугледжвае стварэнне ў адміністрацыйных раёнах краіны папячыцельскіх саветаў тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па пытаннях сацыяльнай пад-трымкі і абслугоўвання. Такі савет створаны і на Ляхавіччыне. А напрыканцы мінулага тыдня адбылося яго першае пасяджэнне. Узначаліў гэты савет намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Крук. У склад савета ўвайшлі прадстаўнікі дзяржаўных органаў і органаў мясцовага самакіравання, арганізацый і прадпрыемстваў рознай формы ўласнасці, грамадскіх і рэлігійных аб’яднанняў, педагагічныя і медыцынскія работнікі.
У савета нямала важных функцый і задач, у першую чаргу — садзейнічанне тэрытарыяльнаму цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў выкананні яго асноўных функцый, стварэнне ўмоў для сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі сем’яў, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, для развіцця працоўных навыкаў і творчых здольнасцей інвалідаў і інш. Акрамя таго, папячыцельскі савет будзе садзейнічаць арганізацыі і правядзенню сацыяльных, культурна-масавых і фізкультурнааздараўленчых мерапрыемстваў, семінараў, выстаў і г.д., дапамагаць у працаўладкаванні маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і стварэнні спецыяльна абсталяваных рабочых месцаў для названай катэгорыі на прадпрыемствах і ў арганізацыях.
Галіна КАНЬКО