Заставайцеся з раёнкай!
Шаноўныя землякі, «ЛВ» запрашае вас на чарговы дзень падпісчыка, што пройдзе 14 снежня з 11 да 13 гадзін у гарадскім аддзяленні сувязі. Спадзяёмся, што вам прыйдуцца даспадобы і нашы сувеніры.Прыходзьце! Будзем рады бачыць!
Па знаёмым адрасе вуліца Леніна, дом 26, кватэра 1 са студзеня наступнага года двойчы на тыдзень зноў будзе прыходзіць «Ляхавіцкі веснік» да сваіх пастаянных чытачоў – сям’і Галіцкіх. Менавіта Яўгеній Галіцкі стаў першым з больш чым 20 ляхавічан, хто аформіў падпісны абанемент на нашу газету ў дзень падпісчыка, які «ЛВ» праводзіў у гарадскім аддзяленні сувязі ў мінулую сераду.
Веснікаўцам заўсёды прыемна сустрэцца з землякамі, якія сталі не проста пастаяннымі і ўважлівымі чытачамі раёнкі, але і яе даўнімі сябрамі. Як, напрыклад, ляхавічане Святлана Галееўская, Таццяна Гачко, Соф’я Кардаш, Ганна Малевіч і іншыя.
Сярод нашых падпісчыкаў – людзі рознага ўзросту і прафесій, аб’ядноўвае іх адно – яны з нецярпеннем чакаюць выхаду чарговага нумара, як называюць, свайго весніка.
Дзень падпісчыка для газетчыкаў – яшчэ і чарговая магчымасць падзяліцца з чытачамі планамі і задумкамі, пацікавіцца, што б землякі хацелі пачытаць і ўбачыць на старонках выдання.
Галіна КАНЬКО.
Фота Наталлі ПЕРАПЕЧКА.