Дзяржаўная граніца – не мяжа для супрацоўніцтва

На тыдні, на працягу першых яго дзён, у раёне зноў віталі польскую дэлегацыю. Калі ж афіцыйную танальнасць замяніць на таксама дакладныя, але шчырыя і асабліва да месца словы – старых знаёмцаў, добрых сяброў, партнёраў у многіх і розных справах з Лэнчненскага павета Люблінскага ваяводства краіны-суседкі. Але фармат і напоўненасць чарговай сустрэчы мелі сваю адметнасць.

Спачатку –  “круглы стол”: пра тое, калі і з нагоды чаго пачыналася супрацоўніцтва. У якіх накірунках і як глыбока яно развівалася. Наколькі кантактным атрымаўся год бягучы, і што ў планах года будучага.
– Дасягнута нямала, але важна і трэба перайсці да больш планавай работы,  – адзначыў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч.
– 4 гады ўжо супрацоўнічаем. Добра, што з кожным новым крокам  атрымліваецца рабіць больш і лепш. А пачыналася ўсё з каледжа, – выказаў сваё бачанне сітуацыі кіраўнік польскай дэлегацыі сакратар Лэнчненскага павета Казімер Радка.
Госці наведалі гарадскія ачышчальныя збудаванні. Не з нагоды іх высокатэхналагічнасці і не дзеля марнага інтарэсу. Зусім наадварот: не выключаны варыянт, што з дапамогай Еўрапейскага Саюза і Польшчы як аднаго з членаў ЕС аб’ект будзе сучасна рэканструяваны.
Права на такую танальнасць гутаркі, на надзею дае так званая праграма трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча-Беларусь-Украіна 2014-2020”. Сродкі на ажыццяўленне комплексу мерапрыемстваў праграмы выдаткоўваюць Еўрапейскі фонд рэгіянальнага развіцця (ЕФРР) і Еўрапейскі інструмент суседства (ЕІС). Органам кіравання выступае Міністэрства эканамічнага развіцця Рэспублікі Польшча.
Адметнасці мясцовай культуры, захаванне гістарычнай спадчыны, павышэнне транспартнай і камунікацыйнай даступнасці рэгіёнаў, бяспека, міграцыя, экалогія – гэтыя і ім падобныя тэматычныя праекты могуць быць прыняты да разгляду і прэтэндаваць на фінансаванне. Абавязковае патрабаванне – некамерцыйнасць праектаў і частковае – у памеры 10 працэнтаў ад агульнай сумы –
самафінансаванне.
Выступіць з нейкім сваім праектам адно, а атрымаць “пад яго” фінансы  з’яўляецца задачай зусім іншага ўзроўню складанасці. Заявачная працэдура складаецца з двух этапаў. Спачатку еўрачыноўнікі прыцэньваюцца і прыглядваюцца да самой ідэі, аналізуюць праект з пункту гледжання яго канцэптуальнай вартасці, значнасці, перспектыўнасці і г.д. Калі першы бар’ер паспяхова пераадолены, паўстае другі – фінішны. Наступае фаза запаўнення і прадастаўлення на адрас арганізатараў разгорнутай і з канкрэтнай мэтай –  атрыманне фінансавання  – заяўкі.
Пакуль жа канкрэтыкі няшмат. Больш яснасці пра перспектывы раёна на ўдзел у праграме трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча-Беларусь-Украіна 2014-2020”  з’явіцца напачатку наступнага года.
Але не толькі гарадскія ачышчальныя збудаванні. Акрамя названага аб’екта, прэтэндэнтам аднавіцца пераважна за сродкі еўрапейскіх фондаў выступае і палацава-паркавы комплекс “Грушаўка”, які днём пазней таксама стаў аб’ектам увагі гасцей з Польшчы. Не ўпершыню, неабходна дабавіць, і не толькі ў складзе апошняй дэлегацыі.
Пра планы ў дачыненні колішняй сядзібы Рэйтанаў расказала метадыст раённага метадычнага цэнтра аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Скрыпнік. Пра тое, у прыватнасці, што яна з’яўляецца часткай сумеснага беларуска-польскага праекта. З нашага боку –  Грушаўка, на тым баку – комплекс старых пабудоў, дзе некалі гаспадарыў вядомы польскі архітэктар. Аб’яднаўшыся ў адзіны праект, яны прэтэндуюць на атрыманне фінансавага “пірага” ад Еўрасаюза па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва.
У выпадку выйгрышнага для нас завяршэння конкурсу, на атрыманы грант мяркуецца правесці рэстаўрацыю сядзібнага дома грушаўскага комплексу з наступнай арганізацыяй там краязнаўчага музея.
Але гэта мары і планы, якія ператвараюцца ў рэальнасць толькі ў выпадку, калі становяцца мэтамі.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота аўтара.

У ТЭМУ

Беларусь і Польшча маюць намер наладзіць цеснае ўзаемадзеянне паміж рэгіёнамі, паведаміў 6 снежня журналістам Маршалак Сената Польшчы Станіслаў Карчэўскі.   Бакі дамовіліся ў 2017 годзе правесці сумесна эканамічны форум і форум рэгіёнаў.

«Нашы культуры цесна пераплятаюцца, і радуе тое, што ў Беларусі беражліва ставяцца да нашай агульнай гісторыі. У час гэтага візіту было шмат сентыментальных момантаў. Упэўнены, што граніца, якая існуе паміж нашымі краінамі, не павінна дзяліць народы», – адзначыў Станіслаў Карчэўскі.

Паводле яго слоў, у дзвюх краін вялікі патэнцыял для развіцця супрацоўніцтва, што паказаў гэты візіт. У час сустрэч у тым ліку абмяркоўваліся сумесныя праекты ў сферы навукі, адукацыі. Польшча зацікаўлена ў наладжванні стабільных парламенцкіх кантактаў, што дасць магчымасць ужо ў будучым годзе інтэнсіфікаваць узаемадзеянне ў розных галінах.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *