Слізкі чацвер
На паўсагнутых нагах, моцна трымаючыся адзін за аднаго, “спяшаліся” дарослыя на работу, дзеці ў школу. Падалі, падымаліся, зноў падалі. Адмененыя аўтобусныя рэйсы, спыненыя па ўскрайках дарог аўтамабілі – такую карціну, падобную на суцэльную лядовую пляцоўку, намалявала прырода раніцай мінулага чацвярга.
Сіноптыкі загадзя папярэджвалі: 8 снежня чакаецца моцная галалёдзіца. Але ж, напэўна, многія з нас нават уявіць не маглі, што будзе настолькі слізка. Абласная дзяржаўтаінспекцыя з 7 гадзін раніцы аб’явіла правядзенне ва ўсіх раёнах Брэстчыны спецыяльнага комплексу мерапрыемстваў “Надвор’е”. Па словах старшага дзяржаўтаінспектара АДАІ РАУС Мікалая Дылеўскага, да 10 гадзін па ўсім раёне быў забаронены выпуск на трасу рэйсавых, школьных аўтобусаў, транспарту прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый.
Наколькі гатовымі да такога “ледніковага перыяду” аказаліся дарожныя, камунальныя службы?
Начальнік ДРБУ-200 Ігар Пілінога расказаў, што пасля таго, як у 6 гадзін раніцы пачаўся ледзяны дождж, работнікі арганізацыі заняліся падсыпкай дарог саляна-пясчанай сумессю. Былі задзейнічаны 6 адзінак спецыяльнай тэхнікі. У першую чаргу, апрацоўваліся асноўныя аўтатрасы раёна, аўтобусныя прыпынкі, пляцоўкі для высадкі дзяцей каля школ, дзіцячых садкоў, пад’язныя шляхі да ўстаноў аховы здароўя.
Каля 20 работнікаў жылкамунгаса і 3 адзінкі камунальнай тэхнікі змагаліся з галалёдзіцай у райцэнтры. Намеснік дырэктара КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” Эдуард Каласоўскі паведаміў, што з раніцы 8 снежня пачалася падсыпка цэнтральнай вуліцы Леніна ў Ляхавічах, потым іншых гарадскіх вуліц, дваровых тэрыторый, аўтобусных прыпынкаў.
Калі першыя рэйсы аўтобусаў яшчэ да дажджу адправіліся з аўтастанцыі “Ляхавічы”, то праз гадзіну з-за неспрыяльных умоў рэйсы адмянілі. І толькі ў 10.30 рух быў адноўлены.
Уважлівасць на дарогах патрэбна ў любы час сутак і пры любых умовах надвор’я. А ў такіх надзвычайных яна павінна быць выключнай. Датычыцца гэта і пешаходаў, і вадзіцеляў. Мікалай Дылеўскі адзначыў, што ў чацвер ДТЗ у нашым раёне не зарэгістравана. Тым не менш, ДАІ папярэджвае вадзіцеляў пра неабходнасць выбіраць бяспечную скорасць руху на зімовых дарогах, не дапускаць рэзкіх манёўраў і тармажэнняў, асабліва на ўчастках дарог, якія праходзяць каля вадаёмаў і рэк, на закругленнях, спусках і пад’ёмах. Усе вадзіцелі і пасажыры абавязаны прышпільвацца рамянямі бяспекі.
За медыцынскай дапамогай па прычыне галалёдных траўмаў, атрыманых 8 снежня, у райбальніцу звярнуліся 6 чалавек. Усім аказана дапамога.
Хірург Ляхавіцкай ЦРБ Ян Марчык раіць пры галалёдзіцы ўважліва глядзець пад ногі, ісці павольна, не трымаць рукі ў кішэнях, па магчымасці абыходзіць заледзянелыя месцы, аддаваць перавагу зручнаму і ўстойліваму абутку, пажадана без высокіх і тым больш тонкіх абцасаў. Пажылым і людзям з хваробамі апорна-рухальнага апарату ўважліва слухаць прагноз надвор’я і без асаблівай неабходнасці ў галалёдзіцу не выходзіць на вуліцу. А калі ўсё ж без гэтага не абысціся, то абавязкова старайцеся, каб вас хто-небудзь суправаджаў. “Калі падзення не пазбегнуць, помніце асноўнае правіла: падаць лепш на бок, крыху прысеўшы і згрупіраваўшыся. Гэта дапаможа звесці да мінімуму рызыку атрымання траўмаў і пашкоджанняў. Ні ў якім разе не варта падаць на выпрастаныя рукі”, – нагадаў урач.
Толькі ў другой палове дня лёд растаў пад дажджом. І ўсе ўздыхнулі з палёгкай – хадзіць і ездзіць стала зручней.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.