Жыццё ў падарунак
Па статыстыцы, кожнаму трэцяму чалавеку хаця б аднойчы ў жыцці патрабуецца донарская кроў. У падтрымку ініцыятывы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Міністэрства аховы здароўя Беларусі заклікала да адраджэння традыцыі бязвыплатнага донарства, якое будзе існаваць паралельна з платным. Падтрымліваючы ініцыятыву, санітарна-эпідэміялагічная служба Брэсцкай вобласці сумесна з абласной станцыяй пералівання крыві арганізавалі акцыю ”Бязвыплатнае донарства пачынаецца з мяне”. Аднымі з першых у ёй прынялі ўдзел намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Алег Вялічка і галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Брэсцкай вобласці Алена Ільяшава (на здымку).
Важнасць бязвыплатнага донарства бясспрэчна. Яго неабходна развіваць і для таго, каб кожны з нас быў упэўнены, што ў выпадку неабходнасці яму перальюць кроў чалавека, які вядзе здаровы лад жыцця. На неаплачваемую працэдуру згадзіцца толькі той, хто ўпэўнены ў стане свайго здароўя і робіць гэта выключна з гуманных меркаванняў. Адна данацыя (працэдура ўзяцця ў донара крыві ці яе кампанентаў, прызначаных для пералівання або іншага выкарыстання ў медыцынскай практыцы) можа выратаваць да трох жыццяў. Да таго ж, бязвыплатнае донарства можа даць і эканамічны эфект. Сродкі, якія накіроўваюцца на аплату паслуг донараў, могуць пайсці на іншыя надзённыя патрэбы медыцыны.
Па словах намесніка галоўнага ўрача Ляхавіцкай ЦРБ Ірыны Волкавай, райвыканкам сумесна з кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый, райбальніцай фарміруюць базу даных тых, хто жадае і можа па стане здароўя далучыцца да бязвыплатнага донарства. Каб стаць донарам, дастаткова прайсці медыцынскі агляд, атрымаць дазвол і здаць кроў. Забор крыві будуць ажыццяўляць спецыялісты Баранавіцкай міжраённай станцыі пералівання крыві на базе ЦРБ. Акцыя – гэта не аднаразовае мерапрыемства і будзе працягвацца доўгі час.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота БЕЛТА.