Гімн хлебу і хлебаробам

Гасцінна, шчыра, хлебасольна сустракала Бяроза ўдзельнікаў абласных “Дажынак-2011” у мінулую суботу. Сапраўдны горад у горадзе ўтварылі павільёны, дзе экспанавалася прадукцыя шматлікіх вытворцаў Брэстчыны, работ майстроў народных рамёстваў, вырабаў навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, пляцоўкі, на якіх выступалі лепшыя самадзейныя калектывы вобласці, бясконцыя гандлёвыя рады. Галоўныя героі свята з чырвонымі стужкамі пераможцаў абласнога спаборніцтва на жніве прымалі заслужаныя віншаванні. Урачыстае шэсце ўдзельнікаў абласных «Дажынак-2011» да галоўнай сцэны хлебаробскага фэсту праходзіла па жывым калідоры: бярозаўцы, госці свята апладзіравалі дэлегацыям з усіх раёнаў. Радасная ака-лічнасць, якая прыемна ўразіла ляхавіцкую дэлегацыю на чале са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Дзмітрыем Бурдуком, — шчырыя,   гучныя апладысменты ляхавічанам і словы “Вы – малайцы!” чуліся не аднойчы на фоне жыццярадасных песень у выкананні навасёлкаўскай “Вечарніцы”.

Гімнам лепшым хлебаробам назваў “Дажынкі” старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Канстанцін Сумар. Кіраўнік вобласці, звяртаючыся да ўдзельнікаў урачыстасцяў, адзначыў, што ў фестывальнай Бярозе фактычна падводзяцца вынікі першага жніва новай пяцігодкі, і што год для хлебаробаў быў складаным, але Брэстчына здолела намалаціць больш як  мільён тон зерня. Чакаецца, што нядрэнныя вынікі дадуць кукурузныя, грачнёвыя, прасяныя палеткі.

Аграрыям цяжка выходзіць на запланаваныя вытворчыя параметры, таму што заўсёды існуе некіруемы фактар — надвор’е, зазначыў Канстанцін Сумар. Але ўсё ж вырашальная сіла — гэта людзі, ад якіх залежыць лёс ураджаю, людзі, якія любяць і песцяць зямлю і на якіх зямля трымаецца. Менавіта такія, падкрэсліў Канстанцін Андрэевіч, і становяцца пераможцамі працоўнага спаборніцтва. У 41 гаспадарцы вобласці ўраджайнасць зерневых — звыш 40 цэнтнераў з гектара, больш тысячы тон збожжа намалацілі 128 экіпажаў камбайнаў. Лепшыя аграрыі Брэстчыны будуць прадстаўляць вобласць на рэспубліканскіх “Дажынках-2011” у Маладзечне.

Канстанцін Сумар падзякаваў удзельнікаў жніва за іх самаадданую працу, кіраўнікоў гаспадарак, дзе працуюць перадавікі, — за тое, што яны выхавалі выдатную маладую змену хлебаробаў, гараджан – за іх дапамогу вёсцы. І, канешне, старшыня аблвыканкама гаварыў пра тыя паказчыкі, той рост вытворчасці, якіх Брэстчыне належыць дасягнуць у бліжэйшай будучыні.

А потым прыйшоў час самым хвалюючым і доўгачаканым імгненням – кіраўнік вобласці ўручаў дыпломы хлебаробам, якія сталі першымі ў абласным спаборніцтве на жніве. Сярод экіпажаў сельгасарганізацый першае месца ў нашага земляка старшага камбайнера СВК “Шлях новы” Дзмітрыя Петуха, які камбайнам “КЗС-10К” убраў 328,4 гектара і намалаціў 1447 тон зерня (намалот на ўмоўны камбайн склаў 1389 тон).

Не адстала і моладзь Ляхавіччыны. Экіпаж з СВК “Ляхавіцкі” ў скла-дзе старшага камбайнера Аляксандра Юніка і камбайнера Сяргея Казакевіча таксама першы ў вобласці ў маладзёжным спаборніцтве. На “Джон-Дзіры” ўбралі 341 гектар і намалацілі 1155 тон зерня (такі ж намалот і на ўмоўны камбайн). Ім, а таксама ва-дзіцелю ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” Васілію Плескацэвічу, які аўтамабілем “ЗІЛ-554-М” перавёз 1356,4 тоны зерня (умоўная колькасць перавезенага 1419,7 тоны), і вадзіцелю з СВК “Жарабковічы” Яўгенію Казуку, які вызначыўся сярод маладых вадзіцеляў на адвозцы зерня (аўтамабілем “ЗІЛ-ММ-3345” перавёз 1166 тон – умоўная колькасць перавезенага – 932,8 тоны) дыпломы пераможцаў уручыў Канстанцін Сумар.

Пераможцам абласнога спаборніцтва на жніве, якія занялі другое месца, узнагароды ўручаў намеснік старшыні аблвыканкама Якаў Бухавецкі. На галоўную сцэну “Дажынак” і ў гэтым годзе паднімаліся старшы камбайнер Андрэй Юруць і камбайнер Міхаіл Дзядовіч з ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” СГФ “Адахаўшчына”, якія на камбайне “КЗС-1218” убралі 434,6 гектара і намалацілі 1634 тоны зерня (1317,1 тоны – намалот на ўмоўны камбайн); вадзіцель СВК “Шлях новы” Уладзімір Махнач, (на аўтамабілі “ГАЗ-3307” перавёз 1082 тоны зерня – умоўная колькасць перавезенага — 1294 тоны); машыніст КЗС СВК “Жарабковічы” Аляксандр Новік, які на зернесушыльным комплексе “М-819” перапрацаваў 3771 тону зерня (умоўная колькасць перапрацаванага – 6524 тоны).

Гарачымі апладысментамі “Дажынкі” віталі старшыню СВК “Ляхавіцкі” Заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Аляксандра Вітко. Дыпломам першай ступені Брэсцкай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК адзначаны СВК “Ляхавіцкі” за дасягненне высокіх вынікаў у вытворчасці зерня, стварэнне належных сацыяльна-бытавых умоў удзельнікам уборкі ўраджаю, захаванне працоўнага заканадаўства і патрабаванняў аховы працы.

10 нашых землякоў-ляхавічан паднімаліся на галоўную сцэну абласных “Дажынак-2011” у Бярозе за ўзнагародай! Паклон рукам, што пахнуць хлебам, –   рукам, якія хлеб расцяць.

…А пасля свята пачаўся працоўны тыдзень і для пераможцаў абласнога спаборніцтва на жніве, і для іх калег. Поле па-ранейшаму – цэнтр сусвету.

Вольга БАРАДЗІНА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *