Любімае месца. Кропка на карце: Любейкі /фота/

Самая смачная і нават гаючая вада - са студні, пераканана Вольга Лешык з Любеек

Пра сваю малую радзіму  – вёску Любейкі – вадзіцель   “Ляхавіцкага весніка” Уладзімір Лешык можа гаварыць бясконца. З вясны да лета накручвае ён сюды кіламетры, высаджвае на бацькоўскай сядзібе  ўраджайныя соткі і  лічыць гэтую  вёску самым блаславенным  месцам на зямлі. Паветра тут звініць празрыстасцю, мясціны чароўнай прыгажосці, а людзі вызначаюцца  шчырай гасціннасцю.

Пасля такога “шчыльнага” і даволі працяглага завочнага знаёмства з Любейкамі адпраўляемся ўбачыць іх  на свае вочы.  Гідам-экскурсаводам па вёсцы выступае той, хто яе ведае з нараджэння, каму знаёмыя тут усе сцежкі-дарожкі, – Уладзімір Лешык.

Дарога, бы доўгая стужка, за акном машыны змяняюцца палявыя і лясныя малюнкі – вёска забралася далёка ўглыб раёна.

…Лес вычэрчвае мудрагелістую лінію, абдымае вёску, але не падступае да самага ганку, не навальваецца, а беражліва засланяе ад напорыстых вятроў і сцюж.

Любейкі – вёска Востраўскага сельсавета. Населеных пунктаў з такой прыгожай назвай, пэўна, не так многа, а можа і наогул няма. І азначае яна, як мяркуюць мясцовыя жыхары, добразычлівыя адносіны, любоў да родных мясцін, людзей. Пацвярджэнне – гісторыя тутэйшых сем’яў.

Івана і Вольгу Лешыкаў землякам прадстаўляць не трэба –  абодва мясцовыя, усё жыццё прысвяцілі сельскай гаспадарцы. Іван Іосіфавіч – стараста вёскі, быў загадчыкам фермы, заатэхнікам, брыгадзірам, нават бухгалтарам. Цікавы суразмоўца, ён з веданнем справы дзеліцца падрабязнасцямі з гісторыі Любеек:

– У ваеннае ліхалецце ў вёсцы фашысты спалілі школу, занялі лепшыя дамы, адбіралі жывёлу. Дзевятнаццаць любейкаўскіх франтавікоў з трыццаці трох не вярнуліся дадому.

Пасля вызвалення паступова жыццё аднаўлялася, адбудоўвалася. Арганізавалі калектыўную гаспадарку “Шлях камунізму”. Жылі дружна. Цяжкасці людзей аб’ядноўвалі. Вяскоўцы сябравалі, падтрымлівалі адзін аднаго. Колькі вяселляў згулялі, святаў адзначылі!

У згодзе і ладзе Лешыкі выгадавалі трох сыноў, пабудавалі дом, пад дахам якога зараз збіраецца вялікая сям’я. Іван Іосіфавіч успамінае, як будучую жонку прыкмеціў, калі яна з маці везла дровы. Тыя рассыпаліся, а ён дапамог. І праз 60 гадоў сумеснага жыцця вочы Івана Іосіфавіча загараюцца, калі глядзіць на сваю Волечку. Гаспадыня – якіх пашукаць. І гатаваць яна майстрыха, і спяваць, і вышываць, і вязаць. Усюды ў доме яе рукадзелле. На вуліцы снег, а ў шкарпэтках, якія звязала Вольга Мікалаеўна мужу, цёпла і ўтульна. Завіхалася і дома, і на працы – была пераможцай сацыялістычнага спаборніцтва. Іван Іосіфавіч узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалём “За працоўныя заслугі”, мае іншыя адзнакі. Усё жыццё з актыўнай пазіцыяй, быў дэпутатам райсавета.

10 мая наступнага года з брыльянтавым вяселлем павіншаваць любімых бабулю і дзядулю прыедуць  5 унукаў і 4 праўнукі.

Валянціна Паляшчук таксама з мясцовых. З мужам пражылі душа ў душу амаль чатыры дзесяцігоддзі. Зараз радасць Валянціны Аляксандраўны – дочкі, унукі і праўнукі, якія не даюць бабулі засумаваць. З ёй жыве малодшая дачка Алена, якая працуе сацыяльным работнікам. З родным чалавекам, адзначае, і старасць не страшная, хаця сама і печку выпаліць, есці прыгатуе. Калі мы сустрэліся, Валянціна Аляксандраўна якраз абыходзіла жыўнасць: куры, козы. Хлеў у яе ніколі не пуставаў. Трымала і карову, і каня, нават калі памёр муж.

– Усё, што трэба, – сама рабіла. Дапамагаў лес-карміцель. Толькі гэтым летам не хадзіла па ягады-грыбы, а летась накатала 40 літраў грыбоў, насушыла з іх “пацеркаў” на суп. Зяць з Мінска гаворыць, што ніхто так мачанку не гатуе, як цешча, – з гонарам адзначае Валянціна Аляксандраўна.

Антаніну Жэрка засталі ў хаце, калі яна складвала папрасаваную бялізну. Так у яе гэта спрытна атрымліваецца, роўненька. Наогул, у доме ўсюды парадак, кожная рэч на сваім месцы.

Да Антаніны Іосіфаўны трэба маладых жанок адпраўляць на майстар-клас! У родную вёску яна вярнулася 3 гады назад – да гэтага жыла ў Мыслабажы, працавала на ферме. А ў Любейках дзве сястры, наведвае сацыяльны работнік.

Шмат працавала і зараз не сядзіць склаўшы рукі. Нягледзячы на праблемы са здароўем, агарод сёлета сама ўскапала, угноіла. На стале сушыцца насенне кавуна.

– Сястра сёлета насадзіла. Такі смачны і салодкі ўрадзіўся – мяне ўсё частавала. Буду вясной спрабаваць высаджваць.

Па вуліцы Паркавай жыве сям’я Дзянішчык. Марына і Канстанцін – сацыяльныя работнікі. Вельмі дапамагаюць сваім падапечным. Ды і самі трымаюць вялікую гаспадарку.

– У вёсцы без яе не абысціся. Дзеці выраслі, хочацца кожнаму дапамагчы. Нядаўна сям’я павялічылася –  ажаніўся сын, – дзеліцца Марына.

Рабочы дзень Дзянішчыкаў пачынаецца ў 5 раніцы. Уходжваюцца, а потым накіроўваюцца да сваіх бабуль. Калі прыязджаюць родныя, гаспадыня абавязкова пячэ ў рускай печцы булкі. У яе яны атрымліваюцца смачныя і духмяныя.

– Заходзьце, заходзьце, – радасна запрашае гасцей Надзея Некрашэвіч.

Адкрываеш калітку ў яе двор –   і не можаш стрымаць эмоцыі: мудрагеліста ўпрыгожаны сцежка, лаўка, іншыя пабудовы. У доме цуд працягваецца: аказваешся ў сапраўднай казачнай святліцы. Здаецца, тут заўсёды свята: вышываныя посцілкі, сурвэткі, фіранкі. На падлозе – круглыя плеценыя дыванкі.

– З рэчаў, якія ўжо не носяць унукі, наразаю стужкі і пляту дыванкі. І ўтульна, і цёпла, і танна – заўважае   Надзея Мікалаеўна.

Таленавітая і творчая, усюды яна прыкмячае цікавыя сюжэты, якія затым пераносіць на тканіну. Магла, як кажуць, не есці, не спаць – толькі вышываць. Калі сын быў жывы, падказваў маці, як правільна маляваць. Дочкі таксама майстрыхі – абедзве шыюць, спрабуюць вышываць унучкі.

Надзея Некрашэвіч 30 гадоў спявала ў мясцовым хоры, удзельніцы якога ездзілі на агляды-конкурсы, давалі канцэрты, выступалі і ў іншых вёсках.

Нашу размову перапыняе паштальён-вадзіцель Уладзімір Кумейша – прывёз пенсію. 21 год дастаўляе ён у тэрмін па адрасах і перыёдыку, іншыя тавары.

Недалёка ад дома Надзеі Некрашэвіч сядзіба Марыі Вярэніч. Дакладней, бацькоўскі дом, сама Марыя Леанідаўна жыве ў Тухавічах. Яго яна адбудавала, упрыгожыла, каб уся вялікая сям’я збіралася тут разам,  каб бачылі, як жылі іх дзядуля і бабуля, каб цанілі і шанавалі свае карані.

Здаецца, слухаў бы і слухаў любейкаўцаў, натхняўся б іх адносінамі да жыцця, людзей і сваёй вёскі –  добрымі, спагадлівымі і нераўнадушнымі. Нездарма населены пункт завецца Любейкамі.

…А сядзіба Уладзіміра Лешыка прыцягвае дагледжанасцю і ўтульнасцю, чысцінёй і ўладкаванасцю. Кожная рэч тут, пабудова, дрэўца падкрэсліваюць і пацвярджаюць адносіны гаспадароў да бацькоўскага дома, да вытокаў. Тут усё роднае, сваё, любімае.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота аўтара.

Уладзімір Лешык пасадзіў каля сядзібы дубкі

Іван і Вольга Лешыкі.

Антаніна ЖЭРКА

Валянціна Паляшчук.

Марына Дзянішчык.

Надзея Некрашэвіч.

Паштальён-вадзіцель Уладзімір Кумейша

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *