Патэнцыял разумення, ці Пра відушчыя сэрцы

Міністр інфармацыі Лілія Ананіч (у цэнтры) засяродзіла ўвагу на ролі СМІ ў стварэнні безбар’ернага асяроддзя.

12 снежня  ў сталічным Доме прэсы адбылося пасяджэнне прэс-клуба “Безбар’ернае   асяроддзе: медыйны ракурс”, арганізатары якога – ПРААН    і Міністэрства інфармацыі Беларусі. Прайшло яно ў рамках рэгіянальнай кампаніі ААН “Інклюзіўная Беларусь” з удзелам прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў і сродкаў масавай інфармацыі.

Як жывецца чалавеку з інваліднасцю, наколькі ён адаптаваны ў грамадстве і як грамадства ставіцца да яго, як дзяржава падтрымлівае людзей з абмежаванымі магчымасцямі і якія неабмежаваныя магчымасці  творчасці, мэтанакіраванасці, сілы духу праяўляюць яны, ці створана для інвалідаў безбар’ернае асяроддзе?
Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч адзначыла, што, ствараць лепшыя ўмовы для рэалізацыі патэнцыялу кожнага грамадзяніна – задача не толькі асобных ведамстваў і арганізацый, але і сродкаў масавай інфармацыі, якія  сёння здольны даць новы імпульс да разумення важнасці гэтай тэмы  ў грамадстве. Цікавая і творчая праца  журналістаў паўплывае на эфектыўнасць работы па стварэнні безбар’ернага асяроддзя, – падкрэсліла  Лілія Станіславаўна.
У кастрычніку 2016 года Беларусь ратыфікавала Канвенцыю аб правах людзей з інваліднасцю, прынятую Генеральнай асамблеяй ААН у снежні 2006 года.
Міністр інфармацыі расказала, што ў Беларусі вырашана праблема арганізацыі выпуску кніг шрыфтам Брайля. Для гэтага дзяржава  выдзяляе  сродкі, закуплена спецыяльнае паліграфічнае абсталяванне. Сур’ёзная работа вядзецца і па  пашырэнні даступнасці   інфармацыі для людзей са слабым слыхам. “Ёсць цікавы прыватны спецыялізаваны тэлеканал “Жэст”, дзе многа фільмаў, але ён не вырашае ўсю палітру задач”, –  лічыць Лілія Станіславаўна. Ёсць і спецыялізаванае выданне – газета “Вместе”, якая  фінансуецца  дзяржавай.
Удзельнікі прэс-клуба закранулі многія пытанні, сярод якіх і медыка-сацыяльная рэабілітацыя інвалідаў.
Гуманітарная дапамога сем’ям і людзям з абмежаванымі магчымасцямі, работа  сясцёр міласэрнасці, рэалізацыя  шматлікіх дабрачынных праектаў – значнасць гэтых і многіх іншых спраў таварыства Чырвонага Крыжа цяжка пераацаніць. На іх засяродзіла ўвагу Генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь  Вольга Мычко.
Адзін з фрагментаў гэтага сюжэта: з 2013 года ў Мінску арганізаваны цэнтр “Адкрыты дом” для  інвалідаў з псіхічнымі захворваннямі. З імі тут працуюць кваліфікаваныя спецыялісты і валанцёры. Дзякуючы яго дзейнасці, некалькі маладых людзей аднавілі сваю вучобу ў ВНУ, выйшлі на працу, хтосьці стаў бліжэй да  сваіх сем’яў. Такія вось жыццясцвярджальныя вынікі нераўнадушнага стаўлення да праблемы.
У рэспубліцы зарэгістравана больш за 2500 грамадскіх арганізацый, з іх 456 пазіцыянуюць сябе як дабрачынныя, гуманітарныя. Вольга Мычко пераканана, што неабходна знайсці такі механізм іх кансалідацыі, каб кожны чалавек з абмежаванымі магчымасцямі мог атрымаць патрэбную дапамогу.
Журналісты падзяліліся сваімі думкамі, напрацоўкамі, ідэямі і праектамі, якія накіраваны на падтрымку людзей з інваліднасцю. Дзякуючы СМІ іх гісторыі   атрымліваюць рэзананс, які дапамагае ім у прамым сэнсе стаць на ногі, раскрыць здольнасці, адчуць сваю запатрабаванасць. Калегі з Лідскага тэлерадыёаб’яднання паказалі сюжэт пра ідэю  земляка па вырабу пад’ёмнікаў для інвалідаў, якую Лідсельмаш узяў на ўзбраенне. Выпуск такога неабходнага абсталявання ўжо наладжаны.
“ЛВ”, які таксама прымаў удзел у рабоце прэс-клуба, падзяліўся вопытам у асвятленні  тэмы на старонках газеты, прэзентаваў дзейнасць аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН, цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, згадаў гісторыі  землякоў, чые абмежаваныя магчымасці, дзякуючы настойлівасці, мэтанакіраванасці, падтрымцы, сталі неабмежаванымі.
Людзям з інваліднасцю вельмі абразліва і крыўдна чуць, калі нехта падзяляе грамадства на здаровых і інвалідаў. Намеснік старшыні цэнтральнага праўлення Беларускага  таварыства інвалідаў па зроку  Міхаіл Антоненка абазначыў, што для дзяржавы важна ўключыць людзей з інваліднасцю  ў жыццё, паказаць іх значнасць, стварыць магчымасці для рэалізацыі правоў.
Адказны сакратар Беларускага  саюза журналістаў, дырэктар кнігавыдавецтва Таццяна Бялова падкрэсліла, што абмежаваныя фізічныя магчымасці не павінны стаць для людзей непераадольнымі перашкодамі. І дапамагчы ў гэтым можа і павінен кожны нераўнадушны чалавек.  Калі ж ён нераўнадушны, то бачыць не толькі вачамі, а і сэрцам. Значыць – дапаможа, паспрыяе, падтрымае, не адвядзе позірк, працягне руку. І ніяк інакш.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *