Каб не хварэць, ”балейце” спортам

Раённую спартакіяду працоўных калектываў дарэчы было б супаставіць з марафонскім бегам. Там – доўгія кіламетры дыстанцыі, у нашым выпадку – адзін спартакіядны этап змяняецца другім. І такі яркі, па-спартыўнаму насычаны калейдаскоп распісаны на доўгія месяцы і на многія спартыўныя дысцыпліны. Але ў адрозненне ад свайго бегавога сабрата, дзе да ўдзельнікаў прад’яўляюцца выключна высокія патрабаванні, спартакіяда працоўных калектываў з’яўляецца абсалютна дэмакратычным у плане падрыхтоўкі і рознапланавым фізкультурным і аздараўленчым “прадуктам”. Паўтарапудовая гіра не ваш інвентар? Не бяда і не нагода для адмовы ад удзелу ў спартакіядзе: калі ласка, за стол для гульні ў пінг-понг, шахматную дошку, на бегавую дарожку ў складзе эстафетнай чацвёркі свайго прадпрыемства. Усё не тое? Дык можа ваша месца ў цэнтры абароны міні-футбольнай каманды або на валейбольнай пляцоўцы. Што да валейбола, то ўсё яшчэ магчыма: ёсць некалькі дзён, каб дазаявіцца і стаць у строй удзельнікаў спартакіяднага валейбольнага турніру. Але, як паведамілі арганізатары ў асобе раённага фізкультурна-спартыўнага клуба, у бліжэйшую сераду заявачнае акно зачыніцца.
А вось міні-футбольны этап спартакіяды, які носіць таксама і статус чэмпіянату раёна па гэтым відзе спорту, ужо адыграны. Ззаду засталіся паўтара месяца напружаных супрацьстаянняў, радасці перамог, пачуцці суму пасля паражэння. Асабліва, калі апошнім папярэднічала роўная на працягу абодвух таймаў гульня.
– А такой ці блізкай да яе драматургіяй характарызавалася большасць прайшоўшых сустрэч, – заключыў дырэктар ФСК Генадзій Новік.
У аднакругавым турніры стартавалі 9 каманд: прадстаўніцтва СВК “Жарабковічы”, аграгарадка Падлессе, ЛДАК, ДЮСШ, раённага ФСК, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, РАНС, камунгаса і Свяціцкага фізкультурна-аздараўленчага комплексу. На пэўным адрэзку турнірнай дыстанцыі ў названага апошнім калектыву ўзніклі праблемы тэхнічнага характару, якія і вымусілі свяцічан зняцца са спаборніцтваў, нягледзячы на дастаткова прывабны  старт.
Пра бескампраміснасць гульняў сведчыць хоць бы той факт, што ні аднаму міні-футбольнаму калектыву не ўдалося пазбегнуць пройгрышу, не згубіць заліковыя балы. У выніку, выйсці ў пераможцы напрамую ні аднаму з іх не атрымалася. З прычыны роўнай колькасці ачкоў, набраных камандамі СВК “Жарабковічы” і КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ”, арганізатары вымушаны былі звярнуць увагу на дадатковыя паказчыкі. І, паколькі асабістая сустрэча паміж прэтэндэнтамі на золата і серабро завяршылася на карысць камунальнікаў,  яны і сталі ўладальнікамі тытула. У прыдачу да яго – прыгожы, у адпаведным выпадку залатым бляску, кубак і грамату з рук старшыні раённага выканаўчага камітэта  Вячаслава Сельмановіча. Граматамі раённага фізкультурна-спартыўнага клуба адзначаны прызёры: сярэбраныя –   з “Жарабковіч” і бронзавыя – каманда РАНС.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *