Тухавіцкага цяпла хопіць на ўсіх

Акрамя “сваіх” спажыўцоў торфабрыкетаў і тарфяной сушонкі (ААТ “Краснасельскбудматэрыялы”, ”Беларускі цэментны завод”, ”Крычаўцэментнашыфер”, гаррайпалівазбыты і ЖКГ суседніх раёнаў, прыватнікі), актывізавалі закуп паліва замежныя пакупнікі. Калі раней ТБЗ “Ляхавіцкі” супрацоўнічаў толькі з Польшчай і Літвой, то сёлета заключаны дагаворы з Расіяй (Калінінградская вобласць), пасля пробнай партыі пажадалі ацяпляцца беларускім палівам некаторыя ўкраінскія прадпрыемствы, ёсць пакупнікі ў Латвіі, Германіі, груз з Тухавічаў накіраваўся ў Славенію, больш як 3 000 тон літаральна днямі будуць адгружаны ў Фінляндыю.
Сёлета экспартныя пастаўкі прадпрыемства ўзраслі амаль у 3 разы. Каб умацаваць партнёрскія сувязі, торфабрыкетчыкі асобую ўвагу ўдзялілі якасці прадукцыі, дакладна выконвалі ўсе патрабаванні спажыўцоў: у Германію і Славенію адпраўлялі торфабрыкеты, расфасаваныя па 10 кілаграмаў у поліэтыленавыя пакеты, для латвійцаў грузілі на паддоны па 500 кілаграмаў і па тоне, а таксама ў спецыяльныя мяхі “біг-бэг”…
Каб трывала замацавацца на замежным рынку, торфабрыкетчыкі ставяць перад сабой новыя задачы па мадэрнізацыі вытворчасці і тэхнічным пераўзбраенні прадпрыемства. Акрамя таго, што нядаўна закупілі спецыяльную цыстэрну для дастаўкі тарфяной сушонкі, на заводзе устанавілі новую тэхналагічную лінію па адборцы сыравіны і пагрузцы яе ў аўтатранспарт. Вядзецца мадэрнізацыя абсталявання, якая зменшыць запыленасць, а таксама сэканоміць расход электраэнергіі і вады.
Дырэктар ТБЗ “Ляхавіцкі” Уладзімір Гунько спадзяецца, што наступны год будзе таксама прадукцыйным. Плануецца, што вытворчасць брыкетаў павялічаць на 20 працэнтаў. Тухавіцкага цяпла хопіць на ўсіх.
Аліна ЛАПІЧ.