Галоўныя па святлу
Усе мы знаходзімся пад сеткай. Ахутаны, аднак, не аблытаны ёю. У гэтым прынцыповая розніца. Аблытаць трактуецца як пазбавіць свабоды, абвязаць. Ахутаць – укрыць з усіх бакоў з мэтай абараніць, сагрэць. Але “наша” сетка не толькі і не столькі грэе – свеціць, прыводзіць у рух машыны і механізмы, далёкае робіць блізкім, пашырае інфармацыйныя гарызонты. І шмат іншых звыклых, але, калі пакапацца ў сутнасці, не такіх ужо і звычайных рэчаў з’явілася ў нашым жыцці дзякуючы электрычнай энергіі. Работнікаў і ветэранаў арганізацыі, усіх калег з прафесійным святам – Днём энергетыка – павіншаваў начальнік Ляхавіцкай РЭС Віктар Станкевіч.
Галоўным “па святле” ў нашым раёне з’яўляецца Ляхавіцкі раён электрычных сетак. У сітуацыі, калі не свята, а ўсё лямпачкі гараць, маніторы свецяцца, ротары рухавікоў круцяцца, пра электраэнергетыкаў мала хто памятае, думае, узгадвае. Але варта здарыцца збою ў падачы электраэнергіі… Вось і прыкладна двухтыднёвай даўнасці выпадак з абясточваннем значнай часткі раёна суправаджаўся дастаткова гучным фонам, маўляў, дрэнна падрыхтаваліся, першы сапраўдны мароз – і табе калі ласка… Зразумець, канешне, можна, але варта і ведаць, што інцыдэнт меў месца не ў зоне адказнасці ляхавіцкіх РЭСнікаў, не ў іх гаспадарцы.
Гаспадарка ж тая – о-го-го! Нават пералік некаторай часткі вытворчых фондаў дае ўяўленне аб яе рознапланавасці, складанасці, грувасткасці. У лічбавым фармаце гэта магло б мець наступны выгляд: працягласць ліній электраперадачы – паветраных і кабельных напружаннем 10 і 0,4 кілаВольта – складае больш за 1400 кіламетраў. Сюды ж дабавім 466 трансфарматарных падстанцый, 238 кіламетраў сетак вулічнага асвятлення з пасаджанымі на іх 2036 свяцільнямі і многае іншае. У тым ліку і аб’ект, адметнасць якога не столькі ў вытворчых магутнасцях, як у самім факце будаўніцтва і наступнай работы, тэхналагічнасці, асаблівасцях абслугоўвання. Размешчаная на аднайменнай воднай артэрыі, міні-ГЭС “Шчара” круціцца таксама пад пільным наглядам работнікаў раёна электрасетак. Работу двух гідраэлектрагенератараў 24 гадзіны ў суткі адсочвае і, у выпадку неабходнасці, уносіць карэктывы ў працэс здабычы электраэнергіі машыніст ГЭС. Такіх вузкіх спецыялістаў у арганізацыі ўсяго чатыры. Аб’ект здольны выходзіць на магутнасць у сотню кВт. У 2015 годзе “Шчара” выпрацавала 140,5 тысячы кВт-гадзін электраэнергіі. Сёлета ж можна гаварыць пра нейкі вытворчы скачок: за месяц да канца года з рэчкі Шчара было ўжо “здабыта” 190 тысяч кВт-гадзін энергіі. Канешне, у маштабах агульнараённага спажывання гэтыя аб’ёмы – зусім не велічыня. Аднак, па прыблізных разліках, і яны здольны “пракарміць” сярэдніх памераў населены пункт.
Усяго крыху за 70 чалавек утвараюць штат Ляхавіцкага РЭС. У сваёй абсалютнай большасці – дакладныя прафесіяналы, дысцыплінаваныя работнікі, надзейныя ў працы і па жыцці людзі. У кожнага ў структуры агульнага сваё месца, дыферэнцыраваныя абавязкі, канкрэтная служба, брыгада. Разам – каманда, нацэленая на захаванне абсалютнага функцыяналу даверанай вытворчасці.
Дарэчы, пра брыгады. Аварыйныя ці, штатнай мовай кажучы, аператыўна-выязныя брыгады – гэта работнікі самай высокай ступені прафесіяналізму. Начальнік раёна электрасетак Віктар Станкевіч у сваёй характарыстыцы ў іх адрас выкарыстоўвае больш будзённыя словы і выразы: “Максімальна падрыхтаваны персанал”. Такіх брыгад- троек у арганізацыі 5, у складзе кожнай дыспетчар і дуэт электраманцёраў, адзін з якіх яшчэ і вадзіцель па сумяшчальніцтве. Змена доўжыцца паўсутак, на працягу якіх, запэўніў кіраўнік, заехаць на базу, прысесці-адпачыць атрымліваецца далёка не заўсёды. Увесь час на колах. Або, і жартам і ўсур’ёз скажам, на слупе-апоры.
У цёплы час аварыйныя адключэнні электрасетак можа справакаваць навальніца, асабліва, калі яе спадарожнікам з’яўляецца моцны вецер. Узімку функцыю “выключальніка” нярэдка бяруць на сябе тэмпературны мінус, наліпанне снегу на правады, абледзяненне апошніх. Усё гэта – сігнал у дарогу для аператыўна-выязной брыгады. Дарэчы, у выхадныя і святочныя дні іх, можна сказаць, дзве. Асноўную, якая нясе службу на штатным месцы і ў штатным рэжыме, максімум як праз гадзіну пасля выкліку гатова падстрахаваць-узмацніць рэзервовая. “Рэзервістам” дазволена знаходзіцца ці то дома, ці то па-за домам, аднак, у зоне тэлефоннай даступнасці і з магчымасцю не больш як праз гадзіну пасля званка-выкліку прыбыць на базу і ўключыцца ў работу.
Але лепш не трэба: такі сцэнарый рэалізуецца ў выпадку нядробных аварыйных здарэнняў. Няхай іх не будзе, пажадаем таго і сабе, і раённым электра-энергетыкам.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.