«Быт» супраць тыранаў
На тэрыторыі раёна праводзіцца спецыяльны комплекс мерапрыемстваў «Быт» у мэтах узмацнення кантролю за асобамі, якія ўчыняюць правапарушэнні ў сферы сямейна-бытавых адносін, недапушчэння такіх правапарушэнняў, актывізацыі прафілактычнай работы ўсіх зацікаўленых службаў, выяўлення і прыняцця мер па ўстараненні прычын і ўмоў, якія садзейнічаюць такім правапарушэнням.
На жаль, сумная статыстыка сямейных скандалаў стракаціць крывавымі драмамі. Грамадзянка С. 24 чэрвеня каля 22 гадзін падчас сваркі наўмысна нанесла ўдар кухонным нажом мужу. Адрас – наш райцэнтр, адна з кватэр па вуліцы Інтэрнацыянальнай.
Раней неаднаразова судзімая Я. 16 чэрвеня прыкладна ў 19 гадзін, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, у двары дома па вуліцы Інтэрнацыянальнай у вёсцы Галаўнінцы падчас сваркі наўмысна нанесла ўдар кухонным нажом у вобласць жывата Ю.
Яшчэ адна бытавая трагедыя, якой паспрыяла п’янства, адбылася ў Пранчаках 19 лістапада. Ад рук грамадзяніна Б. загінула яго жонка.
За 11 месяцаў 2016 года ў ходзе прафілактычных мерапрыемстваў узбуджана 12 крымінальных спраў прэвентыўнай накіраванасці. За 11 месяцаў 2016 года ўчастковымі інспектарамі міліцыі складзена 833 адміністрацыйных пратаколаў за распіццё спіртных напіткаў у грамадскіх месцах або з’яўленне ў грамадскім месцы ў п’яным выглядзе (арт. 17.3 КоАП).
Спынена 107 фактаў незаконнай рэалізацыі алкагольнай прадукцыі, канфіскавана 1850 літраў самагону, самагоннай брагі і спіртаўтрымліваючай вадкасці, канфіскавана і знішчана 6 самагонных апаратаў.
У ЛПП асуджана 27 хранічных алкаголікаў, з іх 24 ізаляваны.
Эльдар ВІЛЬЧКОЎСКІ,
начальнік РАУС.