З універсітэтам!

Часам у жыцці здараюцца крутыя віражы. Тое, што яшчэ зусім нядаўна было нязбытнай і дзёрзкай марай, набывае рэальныя абрысы.
Праўда, для гэтага часцей за ўсё не варта спадзявацца на шчаслівы выпадак, а трэба сур’ёзна працаваць. Пра гэта – размова з дырэктарам Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа кандыдатам сельскагаспадарчых навук Вячаславам СЕЛЬМАНОВІЧАМ.

– Вячаслаў Лукіч, як вы ацэньваеце сёлетнюю ўступную кампанію?

– З аднаго боку – як дастаткова паспяховую. У адрозненне ад шэрагу навучальных устаноў,  мы не адчулі сябе незапатрабаванымі і набор, як кажуць, закрылі. 175 першакурснікаў будуць атрымліваць на трох аддзяленнях  Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа сярэднюю спецыяльную адукацыю – набываць прафесіі агранома, плодаагароднінавода, заатэхніка і ветфельчара.

Гэты год у нас эксперыментальны. Упершыню на базе агракаледжа 36 студэнтаў інжынернага факультэта Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта будуць вучыцца па праграме вышэйшай школы і атрымліваць агранамічную і заатэхнічную спецыяльнасці.

Першы ўніверсітэцкі набор аграномаў і зааінжынераў – выключна выпускнікі Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа. Яны паступілі на скарочаны тэрмін навучання і вышэйшую адукацыю атрымаюць праз 3 гады. У перспектыве сістэма прыёму будзе адпрацавана і геаграфія абітурыентаў, канешне, пашырыцца. Будзем рады бачыць у якасці нашых студэнтаў выпускнікоў іншых ССНУ сельскагаспадарчага профілю.

Калі вярнуцца да ацэнкі ўступнай кампаніі, то як дырэктар я выдатна бачу і нашы недапрацоўкі. У першую чаргу – у прафарыентацыйнай рабоце. Канешне, хацелася б, каб вучыцца да нас прыходзілі выключна тыя, хто сапраўды выбраў для сябе гэтую прафесію, а не, як часам гэта здараецца, выпадковыя людзі, што пра зямлю і работу на ёй маюць далёкае ўяўленне, і ў чыіх жыццёвых планах работа па спецыяльнасці не значыцца.

— Да таго, каб прыняць першы ўніверсітэцкі набор, каледж рыхтаваўся доўга і грунтоўна. Як адчуваеце сябе ў новым статусе?

—  16 гадоў таму, калі я прыйшоў у саўгас-тэхнікум, ідэя пра атрыманне вышэйшай адукацыі ў Ляхавічах здавалася ўтопіяй. Мы займаліся падрыхтоўкай да гэтай значнай па-дзеі дастаткова доўга – 7 гадоў, пачынаючы з моманту адкрыцця Баранавіцкага дзярж-універсітэта. Нарэшце, адбылося. І гэта – важная гістарычная падзея ў жыцці не толькі каледжа, універсітэта, але і нашага райцэнтра. Можна сказаць, што Ляхавічы становяцца ўніверсітэцкім горадам.

Важна і іншае. Сёння не чалавек едзе за адукацыяй у горад, а сама адукацыйная структура прыйшла ў рэгіёны, каб маладыя людзі на месцы, далёка не ад’язджаючы ад дому, маглі атрымаць адукацыю. З прыходам вышэйшай школы ў рэгіёны вырашаюцца сур’ёзныя праблемы. Здымаецца сацыяльная напружанасць з вялікіх гарадоў, малыя гарады развіваюцца. Калі моладзь не імкнецца застацца ў Мінску, абласных цэнтрах, то ў рэгіёнах ёсць рэальная магчымасць паляпшаць сацыяльна-эканамічную, дэма-графічную сітуацыю. У рэшце рэшт, калі дзіця вучыцца побач з домам, то бацькі не трацяць на навучанне дадатковыя сродкі з сямейнага бюджэту. І гэта таксама даволі важкі аргумент.

Да пачатку навучальнага года мы падышлі дастойна: для прыёму навучэнцаў і студэнтаў былі гатовыя і інтэрнаты (месца ў іх даецца ўсім жадаючым), і вучэбныя карпусы, за лета зрабілі лекцыйныя залы. Шэраг за-трат на рамонт узяў на сябе Баранавіцкі ўніверсітэт.

Канешне, імкнемся ісці ў нагу з часам. Сёння ў каледжы, акрамя абсталяваных аўдыторый і лабараторый, ёсць і інтэрактыўная дошка для навучання, і выхад у інтэрнэт. Наогул,  забяспечана ўсё неабходнае для вучобы, пражывання, атрымання спецыяльнасці.

І зусім нястрашна, што мы пакуль некалькі адстаем ад цэнтральных ВНУ па вучэбна-матэрыяльнай базе, па прафесарска-выкладчыцкім складзе. Усё гэта – справа нажыўная.  Вышэйшая школа, навука нідзе не ствараліся адразу, у адзін момант. Я ўпэўнены, пройдзе не так многа часу, і ў Ляхавічах будуць і дактары, і кандыдаты навук. І база будзе пашырацца – гэта несумненна пры такім стаўленні дзяржавы да развіцця агра-прамысловага комплексу.

Магчымасць атрымання сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі ў адной установе – гэта ўжо еўрапейскі падыход. Праўда, для поўнай адпаведнасці не хапае яшчэ аднаго ўзроўню – прафесійна-тэхнічнага. Мы марым мець у перспектыве класічны 3-узроўневы ўніверсітэт еўрапейскага тыпу.

Безумоўна, не ўсё так бязвоблачна, і праблем хапае – не без таго. Але яны не павінны быць перашкодай для развіцця. Галоўнае – не спыняцца, рухацца наперад.

— Што дапамагае каледжу шмат гадоў трымаць марку і ў навучальным працэсе, і па вытворчых паказчыках? Як вырасціць сапраўдных спецыялістаў, і чаму, на ваш погляд, трэба навучыць рабят, каб яны не згубіліся ў самастойным жыцці?

— У справе падрыхтоўкі будучых спецыя-лістаў (і не толькі сельскай гаспадаркі) шмат важных рэчаў, што з’яўляюцца па сутнасці звеннямі аднаго ланцуга. Гэта і настрой калектыву, і здаровы сплаў у ім маладосці і вопыту, уменне і жаданне працаваць,безумоўна, высокая кваліфікацыя супрацоўнікаў і многае іншае.

Ранейшы лозунг “Кадры вырашаюць усё” і сёння ніколькі не страціў актуальнасці. Без кадраў нічога не будзе – ні суперсучаснай тэхнікі, ні поля са шчодрым ураджаем, ні хлеба. Сённяшняму АПК патрэбны граматныя, ініцыятыўныя, кваліфікаваныя работнікі. Гэтым і кіруемся.

Сваім аграномам з першых заняткаў тлумачу простую ісціну: не бывае дрэннай зямлі, бываюць дрэнныя гаспадары – людзі, якія не ўмеюць на ёй працаваць. Калі мае вучні гэта зразумеюць і прымуць да дзеяння, тады можна сказаць: як педагог я свайго дасягнуў.

Тэарэтычныя веды, не падмацаваныя практычнымі навыкамі, нічога не вартыя. Таму мы шукаем любыя магчымасці, каб арганізаваць сваім навучэнцам добрую практыку. Будучыя аграномы выходзяць на свае палі, плодаагароднінаводы – ва ўласны сад, заатэхнікі – на ферму. А вось, напрыклад, будучыя ветэрынарныя фельчары ў мінулым навучальным годзе праходзілі тэхналагічную практыку  на племзаводзе ”Закозельскі” Драгічынскага раёна. Нашы рабяты займаліся падрыхтоўкай жывёлы да пашавага ўтрымання. Бачылі б вы, як адказваюць на практычнай частцы экзаменаў тыя, хто прайшоў такую практыку! Упэўнена, з разуменнем, адразу бачна, што ў чалавека склалася сістэма ведаў.

Дарэчы, і гаспадаркам нашага раёна таксама прапануем даверыць каляджанам шэраг работ: правядзенне вакцынацыі жывёлы, абрэзку рагоў і капытоў, забор аналізаў              і г.д. Калі такія нашы паслугі будуць запатрабаваныя ў мясцовых сельгаспрадпрыемствах, мы гатовы стварыць брыгаду.

Імкнемся падтрымліваць прыстойныя вынікі ў вучэбнай гаспадарцы. Хіба можна расказваць на занятках, што пры нармальным доглядзе і захаванні тэхналогій карова можа даваць 7-8 тон малака ў год, а на сваёй ферме пры гэтым даіць усяго 3…

Сёння перад педагагічным калектывам каледжа стаіць задача не толькі даць будучым спецыялістам-аграрыям спецыяльныя веды і навыкі. Вучым іх паважаць сябе, бо толькі тады зможаш дабіцца павагі іншых. І таму, што павагу іншых трэба, безумоўна,      заслужыць – справамі, адносінамі, нераўнадушнасцю, выхаванасцю.

Дасягнуць аўтарытэта складана. Яшчэ больш складана яго ўтрымаць. Усяго адзін нядбайны навучэнец, выпускнік здольны вельмі сур’ёзна сапсаваць рэпутацыю навучальнай установы. Калі ў гаспадарку прыходзіць наш “кадр”, па яго рабоце, адносінах да справы мяркуюць наогул пра ўсіх каляджан. Гэта накладае пэўную адказнасць. І вельмі важна, каб рабяты і  гэта зразумелі.

За паўстагоддзя існавання нашай установы адукацыі тут падрыхтавана больш як 13 тысяч спецыялістаў-аграрыяў. Сярод выпуск-нікоў установы нямала тых, хто ў прафесійнай дзейнасці дасягнуў высокіх вынікаў. Каб сённяшнія навучэнцы ведалі, хто калісьці сядзеў на іх месцах, у фае галоўнага корпуса мы размясцілі стэнд з партрэтамі сваіх былых выпускнікоў – сённяшніх кіраўнікоў раёнаў, прадпрыемстваў, арганізацый, прычым, не толькі сельскагаспадарчага профілю.

Ганарымся тым, што сярод выкладчыкаў каледжа — 37 працэнтаў нашых жа выпуск-нікоў. Былыя тутэйшыя навучэнцы сёння працуюць на пасадах намеснікаў дырэктара. І я перакананы, што з цягам часу і на месцы кіраўніка будзе працаваць наш выпускнік.

Гутарыла Святлана БЕЛЬМАЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *