“Бязвыплатнае донарства пачынаецца з мяне”

Мусіць, рэдка хто не чуў пра донарства. І пра тое, што ў жыцці здараюцца выпадкі, калі чужая кроў можа ў літаральным сэнсе выратаваць чалавека. Высакародная місія – падзяліцца з іншым і часцей за ўсё незнаёмым чалавекам часцінкай сябе, даць яму шанц на выздараўленне, падарыць жыццё.
Медыкі (і не толькі беларускія) мараць, каб менавіта слова “падарыць” стала вызначальным у гэтай справе. Каб донарам станавіліся не за грашовыя бонусы і льготы, а з гуманных памкненняў, усведамляючы важнасць і важкасць такога крока.
Да рэспубліканскай акцыі “Бязвыплатнае донарства пачынаецца з мяне” па ініцыятыве абласной санітарна-эпідэміялагічнай службы актыўна далучыліся і жыхары Брэстчыны. Па інфармацыі намесніка галоўнага ўрача Ляхавіцкай ЦРБ Ірыны Волкавай, за апошнія тыдні ў нашым раёне ў базу даных патэнцыяльных донараў, згодных здаваць кроў бязвыплатна, унесена каля 90 чалавек. Дарэчы, амаль палова з іх – работнікі сістэмы адукацыі.
Літаральна днямі на Баранавіцкай станцыі пералівання крыві пабывалі паўтара дзясятка ляхавічан – супрацоўнікі райвыканкама,  райаддзела па надзвычайных сітуацыях, медыкі. Кожны з іх прайшоў нескладаную працэдуру падрыхтоўкі і здаў кроў. Сярод першых, хто зрабіў гэта, – намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень і ўрач тэрапеўтычнага аддзялення ЦРБ Алег Арлоўскі
(на здымках 1,2).
Ірына Волкава падкрэсліла, што магчымасць стаць бязвыплатным донарам будзе ва ўсіх жадаючых, хто па медыцынскіх паказчыках здольны атрымаць такі статус. І працэдура, дарэчы, стане больш зручнай: плануецца, што спецыялісты са станцыі пералівання крыві з неабходным абсталяваннем будуць прыязджаць у Ляхавічы.
Святлана БЕЛЬМАЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *