Цёплае сэрца Дзеда Мароза. Акцыя «Нашы дзеці» ўжо стала традыцыяй /фота/

Юныя выхаванцы Жарабковіцкага дзіцячага садка шчыра радаваліся Дзеду Марозу і Снягурцы, у ролі якіх выступілі «веснікаўцы».

Самая шчырая радасць – дзіцячая. Самыя горкія слёзы – дзіцячыя. Самая горкая  крыўда – дзіцячая.  Самая непахісная, абсалютная вера ў цуд – дзіцячая. …Малыш паслізнуўся і ўпаў – не плач, золатка, дай падзьмухаю на каленца, і ўсё пройдзе.  …Паламалася любімая цацка – давай прамакнём слёзкі і палечым тваю лялечку.

Безумоўна, дзіцятка, ты вырасцеш моцным, добрым і шчаслівым.  Прытуліць, закалыхаць, прыдумаць казку, адказаць на бясконцыя «чаму». Агарнуць сэрца маленькага чалавека найвялікшай пяшчотай, даць яму ўпэўненасць у абароненасці, у тым, што ні Змей Гарыныч, ні Баба Яга, ні злы чараўнік не пагражаюць яму, што дабро і святло заўсёды перамогуць, возьмуць верх над злом.
Дабрыня выхоўваецца дабрынёй, міласэрнасць – міласэрнасцю, спагада – спагадай, шчырасць – шчырасцю.
Цуд – кожнаму дзіцяці. Гэта мы можам і абавязаны. Мы – усё грамадства, уся дзяржава.  Мы, дарослыя, разам і паасобку адказныя, каб радасць у вачанятах хлопчыкаў і дзяўчынак ззяла, каб не сумняваліся ў тым, што любімыя і дарагія.
«Нашы дзеці» – традыцыя, якая робіць шчаслівымі і выхаванца ясляў-сада, і пачаткоўца-школьніка, і падлетка. Уседзяржаўная акцыя пачынаецца напярэдадні Новага года
і доўжыцца як мінімум усе перадкалядныя і паслякалядныя дні. Вялікай радасцю, жаданым святам абарочваецца для ўсіх без выключэння самых юных грамадзян Беларусі. У дзіцячыя садкі, школы, пазашкольныя ўстановы, бальніцы, дамы сямейнага тыпу, мнагадзетныя сем’і і па ўсіх адрасах, дзе патрабуецца клопат аб малечы і падтрымка звонку, абавязкова завітаюць з падарункамі, з любоўю і ўвагай дарослыя: кіраўнікі ўсіх рангаў, прадстаўнікі працоўных калектываў, сілавых структур, грамадскіх арганізацый, бізнесмены. Наш раён – не выключэнне. Навагодне-калядны дабрачынны марафон пачынаецца. Вось і  галоўная ёлка Ляхавіччыны адкрыта, ладзяцца ранішнікі і святочныя прадстаўленні, карагоды і сустрэчы з героямі казак і абавязкова – з Дзедам Марозам, які можа выканаць любое жаданне.
Адным з першых у раёне ролю Дзеда Мароза прымераў  «Ляхавіцкі веснік». Нечаканымі, але жаданымі гасцямі сталі раённыя газетчыкі для юных выхаванцаў Жарабковіцкага дзіцячага садка. Для чатырох дзясяткаў жыццярадасных гарэз гэта аказалася сапраўдным сюрпрызам. І атрымалася радасць: дружна разгадвалі загадкі, спявалі песні пра ёлачку, ахвотна пазіравалі перад фотакамерай. Даспадобы малышам прыйшліся салодкія пачастункі, цацкі і кнігі з навагодняга падарунка.  А пры развітанні па-дзіцячаму звонка гучала запрашэнне ў госці ў наступны Новы год. Пастараемся!
Вольга БАРАДЗІНА.
Фота Уладзіміра ЛЕШЫКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *