Сэрца дарыць дзецям

Кіраўнік раёна Вячаслаў Сельмановіч і прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму завіталі з віншаваннямі ў дзіцячы дом сямейнага тыпу Страмавус.

Вось ужо шмат гадоў запар зіма ў Беларусі цёплая. Размова не пра асаблівасці надвор’я. Проста снежань па даўняй традыцыі аб’ядноўвае мноства людзей удзелам у дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”.

Яна праходзіць па ўсёй краіне –  у вялікіх і маленькіх гарадах, вёс-ках, у школах і садках, у інтэрнатах, бальніцах і карэкцыйна-развіваючых цэнтрах. Галоўная мэта акцыі – не пакінуць без увагі ні адно дзіця. Кіраўнікі дзяржорганаў,  розных ведамстваў, арганізацый, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх аб’яднанняў, проста нераўнадушныя людзі ўкладваюць у падарункі для маленькіх землякоў і часцінку свайго сэрца. Асаблівая ўвага ў гэтыя дні – хлопчыкам і дзяўчынкам, якія па розных прычынах засталіся без бацькоўскай апекі. Акрамя цеплыні і пяшчоты, навагоднія і калядныя святы абавязкова павінны прынесці рабятам добры настрой, аптымізм і адчуванне таго, што яны не адзінокія і патрэбныя.
У мінулую сераду старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Якубоўская, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Святлана Бялецкая  з падарункамі і віншаваннямі пабывалі ў двух дзіцячых дамах сямейнага тыпу – Страмавус і Канапельчанка, – дзе выхоўваецца 15 рабят.
І самыя маленькія, і больш дарослыя выхаванцы са шчырым інтарэсам сустракалі гасцей, падрыхтавалі для іх цэлыя прадстаўленні – кожны паказаў, што ўмее, чым захапляецца, чаго дасягнуў. У якасці навагодніх прэзентаў – ласункі, посуд, прас. І, канешне, шчырыя пажаданні: быць здаровымі і шчаслівымі, добра вучыцца, стаць дастойнымі грамадзянамі сваёй краіны.
А ў чацвер 15 юных жыхароў раёна адправіліся на абласное дабрачыннае свята з  удзелам кіраўніцтва вобласці. У Брэсцкім цэнтры маладзёжнай творчасці сабраліся самыя старанныя, актыўныя, разумныя – выдатнікі вучобы, пераможцы творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў, многія з іх выхоўваюцца ў мнагадзетных ці замяшчальных сем’ях, ёсць рабяты з малазабяспечаных і няпоўных    сем’яў.
У гэты ж дзень для сотні нашых маленькіх землякоў ва ўзросце ад 5 да 12 гадоў прайшло навагодняе прадстаўленне ў ГДК. Калядная казка, падрыхтаваная педагогамі цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, карагоды і гульні каля ёлкі і, канешне, падарункі ад Дзеда Мароза і Снягуркі – уражанняў было шмат!
Яшчэ больш іх засталося ў трох таленавітых дзяўчынак з нашага раёна, якія крыху раней пабывалі на галоўнай ёлцы краіны. Гонар удзельнічаць у рэспубліканскім дабрачынным навагоднім свяце сёлета заслужылі бронзавы прызёр рэспубліканскай спартакіяды па дзюдо Ульяна Шчарбакова, сярэбраны прызёр першынства вобласці па лёгкай атлетыцы Яна Касцюк, пераможца рэспубліканскага конкурсу юных майстроў па мастацкім роспісе Алёна Сасса. Старайцеся! Магчыма, у наступным годзе пашчасціць менавіта вам!
Дашкалят і школьнікаў віншавалі прадпрыемствы і арганізацыі раёна. Не застаўся ўбаку ад акцыі “Нашы дзеці” і “ЛВ”. Як шчыра сустракалі веснікаўцаў у Жарабковіцкім дзіцячым садку! І як прыемна было парадаваць падарункамі напярэдадні Новага года нашых юных землякоў-ляхавічан Алёшу, Дзіму і Машу Смоліных. Дарэчы, і мама Наталля радавалася не менш. А па шчырасці – і мы таксама.
Расціце здаровымі і разумнымі, рабяты! Няхай на вашым шляху сустракаюцца толькі добрыя людзі.
Святлана БЕЛЬМАЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Падарункі ад раённай улады атрымалі рабяты, якія выхоўваюцца ў дзіцячым доме сямейнага тыпу Канапельчанка.

Раённае дабрачыннае свята сабрала самых актыўных, здольных, старанных.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *