Яркі дуэт

– Пра тое, што ўвайшоў у запаветную дзясятку, даведаўся з інтэрнэту. І кватэру “ўзарвала” гучнае “ўра!”. Я так радаваўся! – Андрэя і сёння перапаўняюць эмоцыі: – Спяваць, знаходзіцца на адной сцэне з прафесіяналамі, атрымліваць ад іх слушныя парады, рэкамендацыі – гэта злавіць удачу за хвост.
Наш таленавіты зямляк стаў лаўрэатам прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Яго запрасілі ў журы абласнога этапу рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі”.
Для сына Ягора партрэт таты на раённай Галерэі славы стаў сапраўдным узрушаннем, ён з гонарам паведаміў навіну бабулям і дзядулю, сябрам.
Сёння без прыгожага і чыстага голаса Андрэя Цямчыка нельга ўявіць раённае свята. Сваё галоўнае захапленне ён паспяхова сумяшчае з кіраўніцтвам мастацкай часткай у Русінавіцкім СДК, вядзеннем святаў. Усё гэта стала неад’емнай, любімай і важнай часткай жыцця самадзейнага артыста:
– Так прыемна, калі пасля канцэрта да цябе падыходзяць і гавораць “дзякуй”. Гэта абавязвае і не дае спыніцца. А Год культуры – той імпульс, які падштурхнуў да пошуку крэатыўных ідэй.
Спадарожніца жыцця Андрэя – прыгажуня Надзея, жыццярадасная, галасістая пявуння, 20 гадоў з яе 26 – на сцэне. З сёлетніх творчых залікаў – удзел у абласным свяце роднай мовы “Жывыя вытокі”, цэнтральнай падзеяй якога стаў канцэрт “З любоўю ў сэрцы да роднага слова”. Дарэчы, трапіць туды прэтэндавалі 62 кандыдаты. А пашчасціла толькі 15, і сярод іх і Надзя. Паспяховым было выступленне на абласным фестывалі сучаснага мастацтва ў Пружанах “Эстрадны мікс”.
У творчых маладых людзей ужо ёсць дастойны творчы іх працяг. Не паспеў сынок сёлета пайсці ў першы клас, як трапіў у каманду КВЗ, другі год займаецца харэаграфіяй у школе мастацтваў. Дзед Мароз ужо выканаў яго жаданне – усёй сям’ёй ездзілі ў сталіцу на матч любімай хакейнай каманды мінскага “Дынама”.
Цямчыкі дзякуюць адыходзячы 2016-ы за ўражанні, сустрэчы, падзеі, знаёмствы і мараць, каб наступны стаў не горшым, каб здзейсніў сямейную мару аб уласных квадратных метрах.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.