Нож для сябра

Вечарам 10 лютага гэтага года ў дзяжурную часць Ляхавіцкага РАУС паступіла тэлефоннае паведамленне ад дыспетчара аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі: у райбальніцу дастаўлены  жыхар аграгарадка Навасёлкі, 1988 года нараджэння з нажавым раненнем.

Практычна адначасова ў РАУС патэлефанаваў аднавясковец пацярпелага З., 1991 года нараджэння, які паведаміў, што яго сябра нехта парэзаў на вуліцы.  На месца здарэння тэрмінова выехала  следча-аператыўная група РАУС.

Спачатку З. паведаміў следчым, што  сябар прыйшоў да яго дамоў з ранай на жываце і расказаў, што яго парэзаў незнаёмы юнак каля стадыёна ў аграгарадку Навасёлкі. Аналагічныя паказанні далі бацька і дзядзька З. Апытанне суседзяў, родных і блізкіх пацярпелага, агляд стадыёна, дома не выявілі ніякіх слядоў, якія б паказвалі на месца злачынства. З. працягваў настойваць на сваіх паказаннях і ў РАУС, куды яго даставілі супрацоўнікі міліцыі. Тым часам, не прыходзячы ў прытомнасць, ранены малады чалавек  памёр у бальніцы.  Па заключэнні судова-медыцынскай экспертызы прычынай смерці стала нажавое раненне.

У следчых паказанні З. адразу выклікалі сумненні. З самага пачатку ў іх было падазрэнне, што ўдар нажом – справа рук З. На карысць версіі былі і сведчанні родных і суседзяў загінуўшага аб тым, што пацярпелы ні з кім не меў непрыязных адносін, сустракаўся толькі з таварышамі па рабоце, сярод якіх быў і З. Дарэчы, апошні, па паказаннях сведкаў, часта прыходзіў у госці да пацярпелага.

У гэты ж дзень супраць З. была ўзбуджана крымінальная справа па частцы 3 артыкула 147 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і прынята рашэнне аб затрыманні яго ў якасці падазронага.

Быў праведзены дадатковы агляд месца жыхарст-     ва З. На адным з шасці знойдзеных у доме нажоў эксперты выявілі кроў пацярпелага. Следчы і крыміналісты адзначылі разыходжанні ў паказаннях бацькі і дзядзькі падазронага. Праз дзень тыя прызналіся, што менавіта іх сын і пляменнік учыніў злачынства. Толькі пасля гэтага З. раскаяўся  і прызнаўся ва ўчыненні забойства.

Як высветлілася, матывам стала банальная сварка з-за дзяўчыны.  Па паказаннях З., сябар сказаў, што дзяўчына цяжарная ад яго.  Гэтага аказалася  дастаткова, каб схапіць нож…

Як расказаў З., першапачаткова ён даў непраўдзівыя паказанні толькі таму, што пра гэта яго папрасіў сам пацярпелы, які некаторы час яшчэ быў у прытомнасці.

Судом Ляхавіцкага раёна З. асуджаны да 5 з паловай гадоў пазбаўлення волі згодна часткі 3 артыкула 147 ( наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашко-джання, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць пацярпелага) КК Рэспублікі Беларусь.

Аляксандр ТРАЯНОЎСКІ,
намеснік начальніка РАУС

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *