Аляксандр – адзін з нас
За больш чым 20-гадовую гісторыю існавання Ляхавіцкая гімназія дала пуцёўку ў самастойнае жыццё некалькім сотням сваіх выпускнікоў. Па-рознаму склаўся лёс тых, хто спасцігаў разумнае, добрае, вечнае ў самай маладой навучальнай установе Ляхавіччыны. Але гімназія памятае ўсіх сваіх выхаванцаў, ганарыцца імі і з радасцю чакае чарговай сустрэчы з ужо стаўшымі дарослымі колішнімі хлопчыкамі і дзяўчынкамі. Аляксандр Новікаў – адзін з выпускнікоў гімназіі.
— Аляксандр, ты займаўся ў ліцэйскім класе з фізіка-матэматычным профілем. Што запом-нілася больш за ўсё падчас вучобы?
— Я вельмі ўдзячны выкладчыкам гімназіі за атрыманыя веды, якія дазволілі мне паспяхова вытрымаць уступныя іспыты і стаць студэнтам Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Таксама нельга забыць вясёлыя і цікавыя школьныя вечары і пастаноўкі школьнага тэатра. І цяпер, праз гады, калі наведваю родную школу, мяне напаўняюць толькі станоўчыя эмоцыі.
— Падчас вучобы ў БНТУ якія прадметы былі найбольш цяжкімі?
— Я вучыўся на аўтатрактарным факультэце на спецыяльнасці “Тэхнічная эксплуатацыя транспартных сродкаў”. Адразу скажу, вучыцца было нялёгка. Асабліва цяжка спачатку даваліся тэхнічныя прадметы. Даводзілася шмат часу сядзець за падручнікамі і канспектамі. Але потым усё стала на свае месцы, і гэтыя прадметы не здаваліся такімі цяжкімі.
— Аляксандр, дзе і кім ты працуеш?
— Працую інжынерам-тэхнолагам вытворча-тэхнічнага аддзела ААТ “Аўтобусны парк горада Баранавічы”. Прадпрыемства забяспечвае транспартам для перавозкі пасажыраў два раёны. Працаваць вельмі цікава, нягледзячы на вялікую адказнасць.
Гутарыла Марыя ПІШЧ,
вучаніца 11 класа