Сустрэнемся ў “Калі ласка”! /фота/

Сардэчна запрашаем!

Кафэ са  шчыра-ветлівай назвай “Калі ласка” знайшло  шлях да сэрцаў нашых землякоў. “Калі ласка” на сто працэнтаў пацвярджае сваёй папулярнасцю: шлях да сэрца (не толькі мужчыны!) ляжыць праз страўнік. Кафэ  стала   месцам сустрэчы і  душэўных пасядзелак,  сямейных святаў і карпаратываў.

У чым жа яго прыцягальнасць? Атмасфера ў “Калі ласка” па-хатняму ўтульная і цёплая, дызайн – стыльны і арыгінальны. Тут умеюць стварыць настрой, аздобіць інтэр’ер так, каб звычайнае стала святочным.  З ранняй вясны да позняй восені на тратуары каля ўстановы пышна “расцвітаюць” кветкі, а зімой “вырастае” навагодняя ёлка. І, што надзвычай важна, тут арганічна  спалучаюцца  выдатная кухня і бездакорнае абслугоўванне.
Ветлівы персанал, зручнае размяшчэнне сталоў (па жаданні банкетная зала  можа стаць асобным кабінетам), у залежнасці ад падзеі – адпаведнае афармленне.  Нават пакецікі з цукрам – з выявай і рэквізітамі кафэ. Дробязь, а як прыемна! Усё для таго, каб кожны госць захацеў вярнуцца сюды неаднойчы.  А калі ва ўстанове будзе праведзена рэканструкцыя і яе плошча пашырыцца да 70 пасадачных месцаў (гэта – у планах гаспадыні кафэ Наталлі Лойка), прыемных бонусаў  стане яшчэ больш.
На сёння ў  меню больш за 400 страў,  не толькі смачных, але і  прыгожа аформленых, прыпраўленых жаданнем дагадзіць кліенту.
Салаты мясныя, з агародніны, фруктаў, морапрадуктаў з арыгінальнымі назвамі “Вянок”, “Піруэт”, “Зорныя ростані” і многія іншыя. Выбар гарачых страў  задаволіць самага пераборлівага:  рыба, запечаная ў крабавым соусе, фарэль па-іспанску, курыныя медальёны, лустачкі з грыбамі…  Нават назвы здольны выклікаць апетыт! Адмысловая карта він і спіртных напіткаў, кактэйляў. А пералік ласункаў  прыйдзецца даспадобы і дарослым, і дзецям: марожанае з рознымі дабаўкамі, разнастайныя дэсерты.
Дарэчы, усе назвы, рэцэптура і знешні выгляд страў аўтарства Наталлі Лойка. Энергічная бізнесвумен у сваёй  справе выдатна адчувае кожную ноту. Ведае, дзе купіць самыя якасныя і свежыя прадукты (робіць гэта кожны дзень), у каго заказаць напіткі, бакалею і многае іншае. Па дыпломе  яна інжынер-тэхнолаг грамадскага харчавання, па стане душы – рамантычная і жыццярадасная натура, якая не стамляецца прыдумваць нешта арыгінальнае і  запатрабаванае. Убачыць у іншых, дабавіць свайго і – вуаля: страва карыстаецца попытам. Так было з “эль-патэльняй”, “прататып” якой  пакаштавала ў час падарожжа па Швейцарыі.  Яе інтэрпрэтаваны беларускі варыянт з бульбяной асновай, пячонкай  ці дамашняй каўбасой  прыйшоўся па гусце многім наведвальнікам.
– Папулярная  ў нашых кліентаў беларуская кухня. Напрыклад, “Важэцкі далікатэс” – вялікі дранік з начынкай  з шынкі, грыбоў, свініны  пад смятанным соусам, – расказвае Наталля Канстанцінаўна.
Наогул, пад стравы беларускай кухні адведзены асобныя старонкі ў меню. На іх шмат цікавага, у тым ліку, напрыклад, булён па-ляхавіцку.
Папулярнасць установы – заслуга ўсяго маленькага калектыву. Тут працуе  10 чалавек. Але колькасць не галоўнае, асноўнае –  зацікаўленасць справай. Повар Вольга Дзямідава 6 гадоў  прыязджае з Баранавічаў і не плануе  змяняць  месца працы. З дня адкрыцця  “Калі ласка” (з 2009 года)  памочнікам  повара тут  Таццяна Кучура.
У “Калі ласка” гібкая сістэма скідак, мінімальныя нацэнкі. Штодзень  установа запрашае адведаць абеды з 40-працэнтнай скідкай: першае, другое з гарнірам,  салат і чай  абыдуцца ў  3-4 рублі.
Трэба дастойна арганізаваць банкет? Калі ласка! Банкетнае меню на чалавека каштуе 35 рублёў. У залежнасці ад нагоды цана можа быць зменшана да 15-17 рублёў (памінальнае меню). Бацькі давяраюць кафэ арганізаваць дні нараджэння сваіх дзяцей, выпускныя вечары.  У такіх выпадках кошт на аднаго чалавека пачынаецца з 10 рублёў.
Вялікі плюс і тое, што  кліенту не трэба замарочвацца з арганізацыяй забаўляльна-музычнай  праграмы. У кафэ выступаюць на выбар тры самадзейныя калектывы, прафесіянальныя вядучыя святаў і ўрачыстых падзей.
Каб зазірнуць у “Калі ласка”, не трэба чакаць святочную нагоду.  Аматары натуральнай кавы могуць адведаць тут   духмяны  латэ, капучына. А які смачны эспрэса з дробачкамі шакаладу! Ёсць што прапанаваць і тым, хто аддае перавагу фрэшам: свежавыціснуты сок з агародніны ці фруктаў вам прыгатуюць  літаральна за хвіліны.
Калі дома наспявае падзея, а накрыць шчодры стол у гаспадыні не хапае часу,  дапамогуць спецыялісты “Калі ласка”. У іх  можна заказаць рулеты з мяса, птушкі ці рыбы, халодныя, гарачыя, салодкія  стравы і закускі, дэсерты і  салаты. Заказ можна нават зрабіць раніцай, а ўжо вечарам забраць смакату.
–  Запрашаем у “Калі ласка”  і дарослых, і дзяцей. Кожнага рады бачыць. Усіх смачна і сытна накормім! – гасцінная гаспадыня    Наталля Лойка гарантуе смачны стол і добры настрой.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.
Кураціна “па-каралеўску” ад Наталлі Лойка
Курынае філе парэзаць і абсмажыць на патэльні, дадаць шампіньёны ці іншыя грыбы,  салодкі перац. Уліць белае віно і падтушыць, каб спіртное  трохі выпарылася. Усё выкласці ў форму і  заліць смятанным соусам. Для яго спатрэбяцца смятана, маянэз і прыправы. Паставіць у духоўку на 15-20 мінут.

Наталля Лойка (першая справа) і яе памочніцы


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *