Пакуль мы адпачывалі
Мінулы тыдзень прайшоў у прыемных клопатах – рыхтаваліся да сустрэчы Новага года. І вось доўгачаканая ноч расквеціла наваколле салютамі: бывай, высакосны, прывітанне, 2017 год! Недзе праз хвілін 30-40 пасля бою курантаў высыпалі землякі на ляхавіцкія вуліцы. Ля гарадской ёлкі звінела віншаваннямі, смехам, жартамі забаўляльная праграма “Навагодні серпанцін”. Танцавалі ўсе! Назаўтра месца сустрэчы не змянілася: зноў было святочна-феерычна.
Але не ўсім нашым землякам давялося сустрэць 2017 год за святочным сталом, павесяліцца ля ёлкі. “ЛВ” пацікавіўся, як прайшло свята ў тых, хто быў у гэты час на працы: забяспечваў спакой і бяспеку і гарантаваў розныя зручнасці падчас навагодніх святаў, стаяў на варце здароўя землякоў і быў гатовы ў любы момант прыйсці на дапамогу.
Службу ва ўзмоцненым рэжыме ў першыя дні і ночы наступіўшага года неслі супрацоўнікі міліцыі, у тым ліку дзяржаўтаінспекцыі. Як расказалі ў дзяжурна-аператыўнай службе, за 1 і 2 студзеня ў райаддзел было дастаўлена 7 парушальнікаў грамадскага парадку, непасрэдна ў навагоднюю ноч – чацвёра, усе – сямейныя скандалісты. На дарогах раёна абышлося без здарэнняў. Але ў першы дзень 2017 года два вадзіцелі (ляхавічанін і жыхар аграгарадка Жарабковічы) затрыманы за рулём у стане алкагольнага ап’янення.
Выкарыстоўваем піратэхніку, на шчасце, без непрыемных сюрпрызаў. Але выратавальнікі ў чарговы раз нагадваюць пра асцярожнасць пры абыходжанні з феерверкамі, петардамі і іншымі піратэхнічнымі вырабамі.
Як запэўнілі ў раёнах электрасетак, газазабеспячэння, гэты перыяд быў спакойным: ні здарэнняў, ні значных аварыйных выклікаў не зарэгістравана. Хаця з вечара 31 снежня па раніцу 1 студзеня аварыйна-дзяжурнай брыгадзе давялося выязджаць ў востраўскую, падлескую зоны, дзе былі часовыя непаладкі са святлом. А вось нумар аварыйнай службы камунгаса быў запатрабаваным. Самы маштабны выклік – на парыў на ўчастку цеплатрасы па вуліцы Дзесюкевіча ў райцэнтры. Падача цяпла да гаражоў раёна электрасетак часова спынена.
Сіноптыкі з прагнозам надвор’я не памыліліся. Як і абяцалі, у выхадныя дні было цёпла, але ветрана. Менавіта ў такое надвор’е забараняецца выходзіць на лёд. Але гэта не перашкодзіла некаторым аматарам зімовай рыбалкі адправіцца на вадаём, праўда, убачыўшы супрацоўнікаў РАНС, яны ўцяклі…
А вось у медыкаў работы хапіла. Калі звычайна брыгады хуткай дапамогі за суткі выязджаюць па 20-25 выкліках, то за апошні дзень снежня і два дні студзеня колькасць іх павялічылася ў паўтара раза. Сярод прычын звароту за дапамогай – павышаны артэрыяльны ціск, захворванні стрававальнай сістэмы, былі і траўмы. У рэанімацыйнае аддзяленне райбальніцы ў навагоднюю ноч дастаўлены малады чалавек з закрытай чэрапна-мазгавой траўмай. Хапала клопатаў і ў прыёмным аддзяленні бальніцы. 1 студзеня сюды за медыцынскай дапамогай звярнуліся 13 чалавек, з якіх 10 шпіталізаваны, на наступны дзень – 34 (33 шпіталізаваны).
Галіна КАНЬКО.