Ход бяспекі

Пройдзены яшчэ адзін жыццёвы віток, назва якому    2016 год. У якасці канцэнтраванай характарыстыкі яму падыдзе азначэнне “звычайны”. І гэта добра, што абышлося без незвычайнасцяў і, тым больш, надзвычайнасцяў. У тым ліку – вытворча-працоўнага характару.

У якой ступені 2016-ты атрымаўся лаяльным у пытаннях аховы працы? Які знак – плюс ці мінус – мае параўнальная характарыстыка гэтага адрэзку часу з аналагічным папярэднім? Якія тэндэнцыі іх адрозніваюць? Што палепшылася, на якім участку стала горш? Разам з галоўным спецыялістам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Мікалаем Бурбуцём ”ЛВ” паспрабаваў знайсці адказы на ўзнятыя тэмы.
Калі пачаць з канстатацыі факта, то адказ просты. І прыемны, што галоўнае: сітуацыя з аховай працы на вытворчасці раёна апошнім часам палепшылася. Грубых парушэнняў стала менш, сведчыць спецыяліст.  І гэта на тым фоне, што гаварыць пра павелічэнне фінансавання мерапрыемстваў, накіраваных на ахову працы, наўрад ці даводзіцца. Тлумачэнне простае: ”расце” ўвага да пытання ў кіраўніцтва прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, аб’ектаў малога бізнесу. У тым сэнсе, што ўсё больш ініцыюе і ўкараняе ў працоўную дзейнасць навацыі. Арганізаваць на новым, больш сучасным узроўні вытворчы працэс, аперацыю, дзеянне каштуе нашмат танней, чым замяніць пазіцыі ў тэхналагічным абсталяванні, каб зрабіць яго больш бяспечным. Нярэдка для гэтага і ўвогуле не патрабуецца фінансавых выдаткаў. А эфект ад такога дзеяння часам можа даць фору замене старога “жалеза” на новае.
Больш стала прафілактыкі, агітацыі адносна неабходнасці безумоўнага выканання нормаў і правіл бяспекі працы. Больш патрабавальна і прынцыпова на прадпрыемствах ставяцца да парушальнікаў правіл тэхнікі вытворчай бяспекі.
Ёсць і другі бок медаля. Людзі сталі цаніць сваю работу, дакладней сказаць, працоўнае месца. Няхай сабе і не звышдаходнае, аднак стабільна даходнае. Адсюль і дысцыплінаванасць: як агульная, так і ў пытаннях выканання нормаў тэхнікі бяспекі.
Многае з вышэйсказанага паспрабуем выявіць у лічбавым фармаце. У мінулым годзе на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна здарыліся 3 няшчасныя выпадкі. Адзін з іх, які адбыўся на ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”, з цяжкім зыходам. У нездаровую статыстыку трапілі ДП “Нача” і райпо. Для параўнання: у 2015 годзе ў раёне было зафіксавана 5 няшчасных выпадкаў на вытворчасці, адзін з якіх медыкі аднеслі да катэгорыі   цяжкіх.
І патэнцыяльна, і ў рэальнасці найбольш небяспечнымі галінамі народнай гаспадаркі з’яўляюцца будаўніцтва, сельгасвытворчасць, прамысловасць. І Ляхавіччына тут не выключэнне з правіл.
У мэтах прафілактыкі і кантролю за сітуацыяй з аховай працы на гаспадарчых суб’ектах пры раённым выканаўчым камітэце створана і дзейнічае мабільная група. Летась яна правяла  больш за сотню рэйдаў на будаўнічыя і іншыя аб’екты, у вытворчых цэхах, жывёлагадоўчых фермах. Знайсці парушэнні нормаў заканадаўства аб ахове працы самамэтай спецыялістаў групы не з’яўляецца, тым не менш, з рэйдаў было “прывезена” больш за паўтары тысячы парушэнняў. Трэба думаць, яны ўжо выпраўлены і ніякай пагрозы здароўю работнікаў не ўяўляюць.
З якімі парушэннямі спецыялісты сустракаюцца часцей за ўсё? Мікалай Бурбуць звяртае ўвагу на невыкананне на некаторых з правераных аб’ектаў санітарна-гігіенічных патрабаванняў, супрацьгалалёдныя мерапрыемствы выконваюцца не ўсімі і не своечасова. Несвоечасова і не ва ўсіх прадпрыемствах праводзяць тэхнічны агляд і праверку функцыянальнасці пад’ёмна-транспартных механізмаў і абсталявання, якое працуе пад ціскам. Некаторыя іншыя моманты.
Іван КАВАЛЕНКА.
На прадпрыемствах і ў арганізацыях рознай формы ўласнасці па ўсёй краіне дзяржаўныя інспектары працы ў студзені-лістападзе 2016 года правялі 6908 праверак, у ходзе якіх спынена 108,5 тысячы парушэнняў заканадаўства аб працы і аб ахове працы. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 8806 службовых асоб і 4174 наймальнікі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *