Снег! Смех! Старт! У Ляхавічах адзначылі Сусветны дзень снегу /фота/
Колькі радасці, смеху, бадзёрасці шчодра насыпала і малым, і сталым сярэдзіна зімы, якая вырашыла на гэты раз не капрызнічаць і 14 студзеня, акурат у Сусветны дзень снегу, стварыла максімальны камфорт для аматараў лыжаў-канькоў-санак. Сапраўднае свята здароўя на ляхавіцкім стадыёне «Колас» стала красамоўным і выразным сведчаннем, як такой выдатнай магчымасцю скарысталіся землякі.
Па-першае, раённы фізкультурна-спартыўны клуб дарэчы прымеркаваў да гэтай даты правядзенне першага этапу спартакіяды працоўных калектываў. У ім узялі ўдзел 8 каманд: ААТ «Жарабковічы», ЛДАКа, лясгаса, райбальніцы, жылкамунгаса, райвыканкама, аддзела адукацыі, спорту і турызму, райаддзела па надзвычайных сітуацыях.
Па-другое, на старт выйшлі і 14 школьных каманд. Да таго ж заявілі пра сваё сяброўства са спортам многія ляхавічане, якія на «Колас» рушылі сем’ямі. Хто са сваімі лыжамі-канькамі, хто браў патрэбную амуніцыю напракат. Узроставых абмежаванняў не існавала: і пенсіянеры з салідным спартыўным стажам, і пачынаючыя свае жыццёвыя і фізкультурныя дыстанцыі дашкаляты аднолькава радаваліся снегу! Уголас смяяліся! Дружна стартавалі!
Самы віртуозны візажыст – лёгкі марозік і ў дапамогу яму азарт з ветрыкам зрабілі візітоўкай гэтага дня зайздросны румянец на тварах. Іміджавая прыкмета карысці свежага паветра.
Такі вось цудоўны дзень, напоўнены пазітывам эмоцый, снежнасці, спаборніцтваў. Загартоўка? Безумоўна! Праверка сваіх фізічных магчымасцяў? У пэўнай меры! А ўсё разам гэта называецца здаровым ладам жыцця. Мода на здароўе – класіка жанру (прабачце за таўталогію) па-за модай. На старт выклікаюцца ўсе – у любую вольную хвіліну, і само надвор’е робіць запрашэнне!
Вольга СВЯТЛОВА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
На фота Сяргея Варановіча – фрагменты суботняга снежнага свята.
Здравствуйте может есть еще фото со мной это лукашевич я в зеленом кастюме
Посмотрим. Если есть-отправим