Кацярына паказала клас па-беларуску. Вышэйшы!

Чарговы раз вучаніца педагога Святланы Ермаковіч з гімназіі пацвердзіла высокі ўзровень атрыманых ведаў па беларускай мове і літаратуры. Дзесяцікласніца Кацярына Козел на абласной прадметнай алімпіядзе ўдастоена дыплома    I ступені.
Не першы год з восені  да вясны праходзяць туры рэспубліканскай алімпіяды школьнікаў па вучэбных прадметах. У гэтым навучальным годзе 228 школьнікаў раёна прымалі ўдзел у другім этапе алімпіяды. А 13 студзеня завяршыўся трэці этап – па 15 вучэбных прадметах мераліся сіламі алімпійцы ў Брэсце, Кобрыне, Пінску, Івацэвічах, Баранавічах. Галоўнай асаблівасцю абласной алімпіяды-2017 стала тое, што вучняў з гарадоў і раёнаў Брэстчыны выбіралі па прынцыпе прамога рэйтынгу. На абласны тур змаглі прайсці тыя хлопчыкі і дзяўчынкі, якія па выніках раённага аказаліся ў ліку першых 25-ці ўдзельнікаў з усёй вобласці. І такім чынам 20 васьмі-адзінаццацікласнікаў Ляхавіччыны сталі ўдзельнікамі абласных іспытаў:  8 з гімназіі, 4 з СШ № 2, па 2 з Крывошынскай і Ліпскай сярэдніх школ, па 1 з СШ № 1, Начаўскай, Жарабковіцкай і Востраўскай.
Самы гучны поспех, як ужо адзначалася, у гімназісткі Кацярыны Козел, якая будзе прадстаўляць наш раён у складзе абласной каманды ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды.
Адзінаццацікласніца гімназіі Паліна Чаранкевіч адзначана ў абласным туры алімпіяды па беларускай мове і літаратуры пахвальным водгукам. Дыпломаў III ступені ўдастоены гімназіст Кірыл Бернат па матэматыцы (педагог  Тамара Халадзінская)  і Антон Пальчык па геаграфіі (Галіна Бурбіцкая). Адзінаццацікласнік СШ   № 2 Сямён Кулагін (Вольга Шкут) атрымаў пахвальны водгук па гісторыі. Даволі паспяховым можна назваць удзел у абласных прадметных алімпіядах рабят з сельскіх школ. Вучаніца   11 класа Начаўскай СШ  Таццяна Чаранкевіч (Наталля  Катко) чарговы раз вынікова выступіла па біялогіі і ўдастоена дыплома III ступені, як і дзесяцікласніца Востраўскай СШ Аляксандра Горбік (Людміла    Сахон) і дзевяцікласніца Ліпскай СШ Кацярына Дыдышка (Святлана Дубіна) па беларускай мове і літаратуры.
Марыя САРАКАВІК,
намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму  райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *