Ёлкі-палкі

Адно з самых жаданых дзіцячых чаканняў – радасць, шчасце, казка! – Новы год. І калі чалавек становіцца дарослым, адчуванне таго даўняга, марозна-хваёва-мандарынавага паху нібы націскае на клавішу настальгіі. І з памяці, з яе аддаленых куточкаў пачынае гучаць прадчуванне цуда.

…Ёлка пад столь – няўжо не сніцца?! Рознакаляровыя шары, ледзяшы, снегавічкі, зоркі, шышкі, гірлянды, у тым ліку і зробленыя ўласнаручна з каляровай гафрыраванай паперы. Цукеркі, чырвонабокія маленькія яблычкі-пепінкі – туды ж, на пушыстыя пруткія лапы. Заўтра, заўтра пад усёй гэтай раскошай, пад гэтым непераўзыйдзеным хараством будуць ляжаць падарункі. Але галоўны вось ён – ёлка. У сваёй неверагоднай прыгажосці: усталяваная на крыжавіне, абсыпаная кавалачкамі ваты, цудоўная, чароўная, выклікаючая захапленне і нават дрыжыкі ў пальцах. У маленькіх дзіцячых пальчыках і ў вялікай, не сапсаванай дарослымі спакусамі шчырай душы. Чараўніца з самага далёкага, непралазнага лесу, дзе жывуць казкі і Дзед Мароз. Мы з братам вешаем на яе цацкі – дакуль дацягваемся –  і спрачаемся, каму дастанецца ўмацоўваць зорку на ёлкіну макушку. Супакойваемся толькі, калі чуем, што па заданні Дзеда Мароза гэта зробіць тата.

Такія думкі-ўспаміны з’явіліся напрыканцы калядна-хрышчэнскіх дзён, калі паціху пачалося «высяленне» пушыстых лясных прыгажунь з дамоў на вуліцу. Як жа бездапаможна глядзяцца ўчарашнія сімвалы свята, выкінутыя на снег, пакінутыя ля пад’ездаў, урнаў для смецця – абы-дзе…

Чамусьці ў маіх дзіцячых успамінах няма ніводнага такога фрагмента. Ці то падсвядомасць захавала толькі самае прыемнае, ці то дарослыя далікатна вырашалі гэтую праблему?

Сёння малеча вельмі «падрасла»: ведае, што маленькага браціка ці сястрычку не бусел прынёс у клюве, а мама ”вынасіла ў жывоціку”; што калі ў капілку апускаць капеечкі, то з часам набярэцца сума, каб купіць цацку ці нават мабільнік; і фінансавую граматнасць пачынаюць засвойваць з дзіцячага садка. У трэцім тысячагоддзі некаторыя былыя прыярытэты падсунуліся і саступілі месца новым. Але пры ўсім гэтым наіўна і па-дзіцячы шчыра хлопчыкі і дзяўчынкі пішуць лісты Дзеду Марозу, а хто яшчэ не асіліў пісьмо – шэпча на вушка маме-тату пра галоўнае сваё жаданне. І пачынаецца блаславеннае чаканне. І такое чаканне-прадчуванне найчасцей больш жаданае, святочнае, радаснае, чым нават сам цуд.

Чалавек становіцца дарослым, але забірае галоўныя каштоўнасці дзяцінства з сабою – ва ўсе наступныя ўзросты, і ці не ў гэтым адзін з сакрэтаў шчасця. Прагматызм сталасці добра ўжываецца з нестрачанай здольнасцю рабіць неверагодныя адкрыцці, умець бачыць у звычайным тое, што ўзвышае над будзённасцю. З інфантыльнасцю гэта не мае нічога агульнага. Калі б усім дарослым даць дамашняе заданне – падпісаць навагоднюю паштоўку дарагому чалавеку, не сумняваюся, што практычна ўсе «дарагія чалавекі» былі б прыемна ўражаны. Што не знайшлося б у гэтай паштоўцы месца заштампаваным пажаданням, а абавязкова гучала б любоў, прыязнасць і «спаўненне самых неверагодных мараў». А гэта нішто іншае, як падказка верыць у той самы цуд – прывітанне ў кагосьці з далёкага, у іншых з зусім блізкага дзяцінства.

І як жа не пасуюць ні форме, ні зместу светлых зімовых святаў, якія толькі-толькі закончыліся, развянчаныя ў бедалагі, у папялушкі з самым сумным фіналам, навагоднія ёлкі на сметніку. Мусіць, трэба не так? Мусіць, трэба не так. Давайце падумаем пра гэта і праз год не ўбачым раскіданых па снезе рэшткаў былой прыгажосці.

Ды і смеціць, сябры, забараняецца.

Вольга БАРАДЗІНА.


One thought on “Ёлкі-палкі

  • 26/01/2017 в 09:24
    Permalink

    Грустная картина — одинокие ёлки после новогоднега забега. Сначало их радостно несут, даря праздник родным , а после вышвыривают -отслужили срок. Как говорят: кино закончилось. Проблемы поднята правильно, назрела давно. Сам я всегда был за искусственную: нарядили, сняли украшение и отправили на хранение.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *